Беларускім лётчыкам дазволілі пакінуць Туніс

Лётчыкі, якіх затрымалі ў аэрапорце Туніса

Лётчыкі, якіх затрымалі ў аэрапорце Туніса / тг-канал "База"

Экіпаж верталёта Мі-26, які затрымаўся ў аэрапорце туніскай выспы Джэрба, пакіне краіну бліжэйшым часам. Адпаведная дамоўленасць дасягнутая з уладамі Туніса, паведамляе амбасада Расіі ў гэтай краіне.

20 снежня ў амбасаду прыйшоў афіцыйны ліст ад кыргызскай кампаніі — уласніка верталёта Мі-26 з просьбай дапамагчы ва ўрэгуляванні сітуацыі. У ім паведамлялася, што 19 снежня верталёт, экіпаж якога складаецца з сямі грамадзян Расіі і двух грамадзян Беларусі, зрабіў планавую тэхнічную пасадку на Джэрбе. Пасля гэтага лётчыкі не змаглі пакінуць транзітную зону аэрапорта.

"Як растлумачылі ў мясцовым знешнепалітычным ведамстве, улады Туніса не перашкаджалі далейшаму палёту верталёта. Праблема заключалася ў адсутнасці ў паветранага судна дазволу на пералёт у наступны пункт маршруту, які так і не быў атрыманы на гэты момант", — паведамілі ў расійскай амбасадзе па выніках перамоваў.

Пра затрыманне лётчыкаў у Тунісе 21 снежня паведаміў тэлеграм-канал "База". Адзначалася, што каманда пераганяла верталёт Мі-26 ва Уганду і зрабіла запланаваны прыпынак у Тунісе. Як сказаў пілот Сяргей Суслаў, у Джэрбе іх не выпусцілі з аэрапорта без тлумачэння прычынаў.

Беларускі бок пра інцыдэнт не паведамляў.

Мі-26 — цяжкі транспартна-дэсантны верталёт. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.