У Непале прызначана жанчына-прэм’ер на часовай аснове пасля масавых пратэстаў

Прэм’ер-міністарка Непала Сушыла Каркі / AP Photo / Sujan Gurung
Прэзідэнт Непала Рам Чандра Паудэль прызначыў Сушылу Каркі часовым прэм’ер-міністрам краіны. Каркі раней была адзінай жанчынай-кіраўнічкай Вярхоўнага суда ў 2016–2017 гадах і вядомая сваёй барацьбой з карупцыяй. Яна таксама прапанавала прызначыць выбары на 5 сакавіка 2026 года, каб стабілізаваць палітычную сітуацыю пасля адстаўкі папярэдняга ўрада.
Масавыя дэманстрацыі, якія атрымалі назву "пратэст пакалення Z", пачаліся пасля ўвядзення забароны на сацыяльныя сеткі і выяўлялі незадаволенасць моладзі карупцыяй, беспрацоўем і прывілеяваным ладам жыцця палітычных эліт. Падчас пратэстаў дзясяткі тысяч людзей блакавалі дарогі, штурмавалі ўрадавыя будынкі і спальвалі маёмасць, у выніку чаго загінулі 51 чалавек і некалькі супрацоўнікаў паліцыі.
У першы дзень работы Каркі наведала пацярпелых пратэстоўцаў у грамадзянскай бальніцы Катманду і заявіла пра гатоўнасць прыкласці ўсе сілы дзеля дабра краіны. Улады Непала адмянілі каменданцкі час, аднавіўшы звычайны рытм жыцця, а ўдзельнікі пратэстаў дапамагалі прыбіраць вуліцы пасля дзён беспарадкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.