Студэнты-пратэстоўцы ў Бялградзе перакрылі вуліцы і паставілі барыкады

Пратэсты ў Сербіі

Пратэсты ў Сербіі / EPA/ANDREJ CUKIC

У ноч на 30 чэрвеня сотні мітынгоўцаў у Бялградзе перакрылі некалькі важных вуліц і ўзвялі там барыкады. Яны пратэстуюць супраць разгону вулічнай акцыі, які адбыўся 28 чэрвеня. Колькасць удзельнікаў даходзіць да некалькі тысяч, перадае DW.

У сербскіх СМІ з'явіліся здымкі з вуліц, дзе можна пабачыць сотні людзей, намётавыя лагеры і барыкады са смеццевых бакаў. Аналагічныя акцыі праходзяць і ў іншых гарадах Сербіі.

Ладзіць акцыю студэнцкая пратэсная група "Блакада", на якую ў сацсетках падпісаныя сотні тысяч чалавек. Арганізатары апублікавалі карту Бялграда, пазначыўшы пункты, куды трэба прыходзіць і блакаваць вуліцы.

Паводле мУС Сербіі, падчас сутычак з паліцыяй увечары 28 чэрвеня былі затрыманыя і арыштаваныя дзясяткі чалавек.

Пратэсты ў Сербіі доўжацца з лістапада 2024-га. Яны пачаліся пасля таго, як на нядаўна адрамантаваным будынку цэнтральнага вакзала ў Нові-Садзе абрынуўся бетонны навес. Пад заваламі загінулі 16 чалавек. Дэманстранты патрабавалі адстаўкі мэра Нові-Сада і прэм'ер-міністра краіны Мілаша Вучыча — і неўзабаве тыя падалі ў адстаўку. Пасля гэтага пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўрада і перавыбараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.