У Грузіі супраць пратэстоўцаў маглі выкарыстоўваць хімзброю Першай сусветнай

Пратэсты ў Грузіі, архіўнае фота

Пратэсты ў Грузіі, архіўнае фота / t.me/jamnewsru

Грузінскія ўлады ў 2024 годзе выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў "каміт" — баявое атрутнае рэчыва часоў Першай сусветнай вайны. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Бі-Бі-Сі.

Дэманстранты, якія пратэставалі супраць прыпынення Грузіяй перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз, скардзіліся на такія сімптомы, як дыхавіца, кашаль і ваніты, якія доўжыліся тыднямі. Адзін з іх расказваў, што вада з вадамётаў апякала і ад гэтага адчування немагчыма было пазбавіцца нават памыўшыся.

Ужыванне рэчыва журналістам Бі-Бі-Сі пацвердзілі некалькі высокапастаўленых крыніц, звязаных з падраздзяленнем сіл спецыяльнага прызначэння МУС Грузіі. Лаша Шэргелашвілі, які раней адказваў за ўзбраенне гэтых падраздзяленняў, мяркуе, што яму даручалі тэставаць гэтае рэчыва ў вадамётах у 2009 годзе. Ён кажа, што было цяжка дыхаць пасля таго, як ён пастаяў побач з месцам распылення. Акрамя таго, ні ён сам, ні 15-20 яго калег, якія тэставалі рэчыва разам з ім, не змаглі лёгка змыць яго.

Грузінскія ўлады назвалі вынікі журналісцкага расследавання "абсурднымі" і заявілі, быццам паліцыя дзейнічала законна ў адказ на "незаконныя дзеянні парушальнікаў".

Каміт ўжывала французская армія супраць Германіі на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. Лічыцца, што з абарачэння гэтае рэчыва вывелі ў 1930-х гадах, асцерагаючыся даволі доўгатэрміновых наступстваў яго прымянення. Замест яго стаў выкарыстоўвацца CS-газ, які звычайна называюць "слёзацечным газам".

Міжнароднае права дазваляе паліцыі выкарыстоўваць хімічныя сродкі для разгону беспарадкаў, калі іх выкарыстанне сувымерна і яны выклікаюць толькі кароткатэрміновы эфект. Эксперты, з якімі пагаварыла Бі-Бі-Сі, мяркуюць, што выкарыстанне састарэлага і больш моцнага па ўдзеянні рэчыва пры наяўнасці больш бяспечных сродкаў можна расцэньваць як ужыванне хімічнай зброі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.