Вызвалены пасля арышту ў Грузіі беларус атрымаў дакумент легалізацыі

Грузія, ілюстрацыйнае фота

Грузія, ілюстрацыйнае фота / Reuters

Беларус, які быў на кароткі час арыштаваны, а потым вызвалены ў Грузіі, атрымаў часовую ID-карту. Яна легалізуе яго далейшае перабыванне ў краіне да жніўня 2026 года.

Мужчына мяркуе, што ў гэтай справе яму пашанцавала з адвакатамі, якіх знайшлі яго дзяўчына і праваабаронца Раман Кісляк.

"Адвакаты сабралі доказы, што я падаў заяву на наданне прытулку, і мне адмовілі, што з'яўляецца незаконным, што я не збіраюся хавацца ў Грузіі. /.../ Суддзя прыняў рашэнне пра альтэрнатыўную меру стрымання",сказаў ён у каментары выданню "Позірк".

Праваабаронца Раман Кісляк паведаміў журналістам, што суд замяніў арышт неабходнасцю адзначацца ў Дэпартаменце міграцыі МУС два разы на тыдзень.

Беларуса затрымалі 14 ліпеня, калі ён прыйшоў падаць заяву на палітычны прытулак у Грузіі. Яму пагражала дэпартацыя ў Беларусь. Выехаць у іншую краіну мужчына не мог, бо ў яго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. 18 ліпеня нашага суайчынніка выпусцілі з-пад варты.

Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў на прытулак. У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тысяч беларусаў, якія з'ехалі праз пагрозу рэпрэсій. Іх колькасць паступова змяншаецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.