Зяленскі вяртае незалежнасць НАБУ і САП пасля пратэстаў

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / Telegram / Zelenskiy Official

Прэзідэнт Украіны адрэагаваў на пратэсты і вырашыў аднавіць незалежнасць антыкарупцыйных органаў — Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны (НАБУ) і Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).

На сустрэчы з журналістамі Уладзімір Зяленскі заявіў, што прыслухоўваецца да меркавання людзей.

"Вельмі важна, што грамадства кажа. Я паважаю меркаванне грамадства. Я лічу, што гэта цалкам нармальна — рэагаваць, калі людзі чагосьці не хочуць, калі людзям гэта не падабаецца. Нармальна. Людзі маюць права сказаць, што яны думаюць. Людзі сказалі — усё павінна быць паводле законуе. Для мяне было вельмі важна, каб мы адэкватна пачулі, адрэагавалі. Людзі прасілі пераменаў. Мы адрэагавалі",перадае hromadske словы Зяленскага.

Украінскі прэзідэнт пагадзіўся, што абмеркаванне ў грамадстве мусіла адбыцца да прыняцця скандальнага законапраекта. Але ён дадаў, што цяпер "засяроджаны на пытанні вайны".

Вярхоўная рада разгледзіць закон, які аднаўляе незалежнасць НАБУ і САП, 31 ліпеня.

Як расказвала Еўрарадыё, некалькі дзён таму быў прыняты закон, які падпарадкоўвае НАБУ і САП генпракурору Украіны. Перад гэтым у супрацоўнікаў антыкарупцыйных органаў адбыліся некалькі дзясяткаў ператрусаў. Неабходнасць новага закона Зяленскі тлумачыў расійскім уплывам у НАБУ і САП, а таксама нізкай эфектыўнасцю гэтых структур. 

Гэтае рашэнне выклікала акцыі пратэсту, якія прайшлі ў розных гарадах па ўсёй Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.