Зяленскі абмежаваў незалежнасць антыкарупцыйных органаў — украінцы пратэстуюць

Пратэсты ва Украіне / hromadske.ua
Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, які пазбаўляе незалежнасці антыкарупцыйныя органы Украіны.
Гэта адбылося на фоне мірных акцый пратэсту ў розных гарадах Украіны. Як адзначае hromadske.ua, удзельнікі акцый у Кіеве, Львове, Адэсе, Дняпры, Луцку, Палтаве і Цярнопалі заклікалі накласці вета на закон.
Законапраект практычна адмяняе незалежнасць Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны (НАБУ) і значна абмяжоўвае аўтаномію Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП). Згодна з законам, генпракурор мае доступ да ўсіх спраў НАБУ або можа даць такі доступ любому іншаму пракурору. Таксама генпракурор атрымлівае паўнамоцтвы даваць абавязковыя пісьмовыя ўказанні дэтэктывам НАБУ, змяняць падследнасць спраў, закрываць расследаванні па патрабаванні боку абароны, самастойна падпісваць падазрэнні вышэйшым чыноўнікам.
Уладзімір Зяленскі ў свіам звароце ў ноч на 23 ліпеня заявіў, што антыкарупцыйная структура ва украіне будзе працаваць, але без расійскага ўплыву. "Гадамі чыноўнікі, якія збеглі з Украіны, чамусьці спакойна жывуць за мяжой — у вельмі прыемных краінах і без юрыдычных наступстваў. Гэта ненармальна. Няма ніякага рацыянальнага тлумачэння, чаму крымінальныя вытворчасці на мільярды "вісяць" гадамі", — дадаў ён. Аб пратэстах украінскі прэзідэнт не згадаў.
Украінскія сілавікі абвінавацілі цяперашнія антыкарупцыйныя структуры ва ўцечцы даных (у тым ліку ў Расію) і нізкай эфектыўнасці працы. 21 ліпеня ў супрацоўнікаў НАБУ і САП прайшлі ператрусы — вядома не менш як пра 70 выпадкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.