Арганізатар падпалаў у Лондане перапісваўся з кантактам "Minsk KGB"

Дылан Эрл / news.met.police.uk
Дылан Эрл, якога вінавацяць у падпале складоў з гуманітарнай дапамогай Украіне ў Лондане па заданні ПВК "Вагнер", перапісваўся ў Тэлеграме з кантактам "Minsk KGB". Фрагмент перапіскі апублікавала газета The Times, заўважыў reform.news.
У перапісцы ад 3 сакавіка 2024 года "Minsk KGB" піша, што збіраецца падпісаць кантракт і адправіцца на вайну. Эрл просіць узяць яго з сабой, бо хоча пачаць жыццё з нуля і прыехаць у Расію. Таксама ён пытаецца, ці можа неяк дапамагчы — з улікам таго, што ў Эрла няма расейскага грамадзянства, а "Вагнер" не рэкламуе сваю дзейнасць нідзе, акрамя Афрыкі.
Агулам па справе аб падпале складоў у Лондане праходзяць шэсць чалавек. Наркагандляра Дылана Эрла лічаць арганізатарам падпалу. Ён прызнаў віну ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія пагражаюць жыццю, па даручэнні замежнай дзяржавы. Джэйк Рыўз, таксама абвінавачаны па гэтай справе, заявіў, што атрымаў грошы ад ПВК "Вагнер".
Акрамя падпалу складоў з гуманітаркай для Украіны фігуранты справы планавалі выкрасці апазіцыйнага расійскага бізнесоўца Яўгена Чычваркіна для вывазу ў Расію, а яго рэстаран і бар — падпаліць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.