Для сачэння праз тэлефоны КДБ выкарыстоўвае раней невядомую шпіёнскую праграму

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускі Камітэт дзяржбяспекі выкарыстоўвае шпіёнскае праграмнае абсталяванне (ПА), невядомае раней. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы лабараторыія лічбавай бяспекі (DSL) арганізацыі "Рэпарцёры без межаў" (RSF). Расследаванне было праведзенае сумесна з усходнееўрапейскай НДА RESIDENT.NGO.

Праграма называецца "ResidentBat". Яна нацэленая на смартфоны і планшэты з аперацыйнай сістэмай Android. Усталяваць на прыладу яе можна, атрымаўшы фізічны доступ да тэхнікі.

"ResidentBat дазваляе атрымаць доступ да журналаў тэлефанаванняў, мікрафонных запісаў, SMS-паведамленняў, паведамленняў з зашыфраваных месенджараў і лакальных файлаў", пішуць аўтары справаздачы.

Пра новую шпіёнскую праграму стала вядома праз журналіста, у якога яе знайшлі на тэлефоне пасля допыту ў КДБ. RSF праверыла яго асобу, але не называе з меркаванняў бяспекі. Падчас допыту ў журналіста забралі тэлефон, які ён разблакаваў для аналізу змесціва. Пасля допыту на тэлефон прыйшло паведамленне ад антывіруса пра падазронае ПА.

"Рэпарцёры без межаў" здолелі ідэнтыфікаваць некалькі версій "ResidentBat". Самая старая з іх датавалася 2021 годам. У арганізацыі мяркуюць, што гэтую шпіёнскую праграму КДБ выкарыстоўвала не менш за 4 гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.