“Нам цікава ўсё”. Як журналісту Еўрарадыё прапанавалі сачыць за дэмсіламі

Хітрыкі ці то прапагандыстаў, ці то спецслужбаў

Хітрыкі ці то прапагандыстаў, ці то спецслужбаў / Euroradio via Chat GPT

Журналісту Еўрарадыё Тарасу Тарналіцкаму 27 кастрычніка прапанавалі нібы супрацоўнічаць з СБУ, распавядаючы інфармацыю аб беларускіх дэмсілах, іх планах на будучыню і стаўленне да Украіны.

Акаўнт пад назвай “Наталия” (юзернейм @nata_gork), зарэгістраваны на украінскую сім-карту, вёў перапіску на украінскай мове.

Суразмоўніца заявіла, што “прадстаўляе ўкраінскі бок”.

“Доброго дня. Мене звати Наталія... Я представляю українську сторону. Я хотіла б запропонувати вам взаємовигідну дружбу”, — напісала Наталля.

На просьбу журналіста растлумачыць, пра што ідзе гаворка, суразмоўніца адказала, што займаецца “атрыманнем інфармацыі па беларускім напрамку” і яе цікавяць “падзеі ў беларускім руху, а таксама стаўленне да Украіны”. Паводле яе, “украінскі бок гатовы дзяліцца інфармацыяй і правяраць людзей”.

Тарналіцкі адзначае, што спачатку палічыў гэта памылкай. “Вы, пэўна, памыліліся. Так, я з Беларусі, але з восені 2022 года жыву ў Польшчы,” — адказаў ён.

Аднак суразмоўніца настойвала: “Мене цікавить інформація від ваших демократичних сил — плани на майбутнє та ставлення до України. Не є таємницею, що Україна розглядає можливість встановлення контактів із вашими представниками.”

Пасля гэтага журналіст запытаў, ці прадстаўляе Наталля СБУ. У адказ Наталля каротка пацвердзіла: “Так”.

“Нам цікава ўсё”. Як журналісту Еўрарадыё прапанавалі сачыць за дэмсіламі
Скрыншоты перапіскі з "Наталляй з СБУ" / Euroradio

Далей яна дадала: “Нам цікаво все. Ми готові співпрацювати на взаємовигідних умовах. Ми можемо запропонувати безпеку, гроші та ще багато чого. У нас із вами один ворог, тому вважаю, що нам потрібно дружити.”

Тарналіцкі з сумневам паставіўся да сапраўднасці суразмоўніцы і напісаў, што “пісаць украінскай мовай і з украінскай сім-карты не так складана”. На гэта Наталля прапанавала “верыфікацыю па пасведчанні”:

“Підійде верифікація за посвідченням?” — спытала яна. “Так, дашліце,” — адказаў журналіст. 

На гэтым перапіска прыпынілася.

“Атрыманаю інфармацыяй чалавека будуць шантажаваць”

Еўрарадыё звярнулася да арганізацыі BELPOL с пытаннем, ці была гэтая перапіска спробай вярбоўкі, правакацыяй з мэтай дыскрэдытацыі ці звычайным жартам.

Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар са скепсісам паставіўся да таго, што дадзеная перапіска была камунікацыяй з боку СБУ.

“На падставе прадстаўленага ліставання можна зрабіць выснову, што гаворка, верагодней за ўсё, не ідзе пра ўстанаўленне кантакту з прадстаўніком Службы бяспекі Украіны.

Характар зносін і выкарыстаныя метады паказваюць хутчэй на спробу імітацыі такога кантакту з боку беларускіх спецслужбаў, якія дзейнічаюць пад прыкрыццём украінскага боку”, — лічыць белполавец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.