Ва Украіне абвясцілі ў вышук блогера, які ўцёк у РБ і здымаўся для БЕЛТА

Уладзімір Шарамета-Паньчак

Уладзімір Шарамета-Паньчак / БЕЛТА

Ва Украіне ў міжнародны вышук абвясцілі блогера Уладзіміра Шарамету-Паньчака, ураджэнца Львоўскай вобласці. Яму завочна прызначаны арышт.

Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на ўласныя крыніцы, сёлета ў верасні Шарамету-Паньчаку выставілі падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе і апраўданні ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Прычым справу на яго пачалі яшчэ 27 ліпеня 2023 года. Блогеру пагражае да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ў 2022 годзе Шарамета-Паньчак выехаў з Украіны спярша ў Польшчу, а потым перабраўся ў Беларусь. Ён удзельнічаў у прапагандысцкіх відэапраектах дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА, у якіх пашыраў антызаходнія і антыўкраінскія выказванні. На БЕЛТА яго называлі прадпрымальнікам, які больш за 20 гадоў жыў у Лондане (Вялікабрытанія).

У лютым 2025-га ў СМІ з'яўляліся звесткі, быццам Шарамету-Паньчака затрымалі па крымінальнай справе. Аднак цяпер ён на волі, вядзе сацсеткі на розных платформах — Tik-Tok, Інстаграм і Тэлеграм. З яго тг-канала вынікае, што ён перабывае ў Мінску. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.