За 12 гадоў колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла ў чатыры разы

Студэнты, ілюстрацыйнае фота
Расія страчвае прывабнасць для беларускіх студэнтаў, нягледзячы на 1300 стыпендый за год. Такое меркаванне выказаў Павел Церашковіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы, у гутарцы з Польскім радыё.
"Пік колькасці беларускіх студэнтаў у Расіі прыходзіцца на 2012 год: там навучалася 32 тысячы беларускіх студэнтаў, або 77% ад усіх беларусаў, якія навучаліся ў той час за мяжой. У 2023 годзе ўжо было 9 369 беларускіх студэнтаў у Расіі", — канстатуе Церашковіч. Такім чынам, можна казаць пра зніжэнне ў тры разы.
У Польшчы наадварот колькасць беларускіх студэнтаў расце. Калі ў 2012 годзе ў гэтай краіне навучаўся 2991 беларус, то на 2023 год ЮНЕСКА дае 11 146 беларускіх студэнтаў у Польшчы, а летась было 12 тысяч. Агулам колькасць павялічылася за гэты час у чатыры разы.
У Германіі навучаецца цяпер 1500 студэнтаў (у 2023 годзе было 1200).
Дакладных звестак пра стыпендыі, якія беларуская моладзь атрымлівае ў краінах ЕС, няма. Можна толькі з пэўнасцю казаць аб праграме Каліноўскага ў Польшчы — прыкладна 350 стыпендый на год. "Праграма Каліноўскага найбольшая. Ёсць праграмы па падтрымцы ў асобных універсітэтах", — кажа Церашковіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.