Беларуская мадэль, якая знікла ў М'янме, вылецела з Тайланду сама

Вера Краўцова пакідае Тайланд / паліцыя Тайланду
26-гадовая беларуска Вера Краўцова, якая знікла ў М'янме, вылецела туды з Тайланду самастойна 20 верасня 2025 года. Відэа з аэрапорта апублікавала паліцыя Тайланду, заўважыў тэлеканал "Белсат".
На кадрах відэаназірання Вера Краўцова (яе імя ўпершыню пацвердзілі афіцыйныя крыніцы) адна пакідае Тайланд праз іміграцыйны калідор. Сувязі з Верай няма з 4 кастрычніка, яе шукаюць родныя.
Тайская паліцыя мяркуе, што беларуску не выкралі і не пераправілі праз Тайланд у М'янму. На запісе не відаць прымусу: дзяўчына рэгіструецца на рэйс самастойна. Паліцэйскае расследаванне паказала, што Краўцова прыляцела ў Тайланд 12 верасня ў 00:41 праз аэрапорт "Суварнабхумі", а вылецела 20 верасня ў 7:20 у Янгон (Мʼянма).
Іміграцыйныя тайскія ўлады перадалі фотадоказы ў консульства Беларусі ў Тайландзе і паведамілі, што цяпер знікненне беларускі па-за юрысдыкцыяй Тайланду.
Пра знікненне беларускі стала вядома ў кастрычніку. Паведамлялася, быццам яна паехала працаваць у Тайланд і трапіла ў так званы скэм-цэнтр, дзе дзяўчат прымусова робяць "мадэлямі", якія павінны выманьваць грошы ў багатых. Таксама гаварылі, што беларуска планавала працаваць мадэллю, а яе вывезлі ў М'янму, дзе зрабілі рабыняй, а потым забілі. Спачатку ў сваякоў запатрабавалі за цела дзяўчыны 500 тысяч долараў, а праз некалькі дзён паведамілі, што яе крэміравалі.
Пазней з'явіліся паведамленні, быццам цела беларускі знайшлі ў М'янме і яе смерць мела крымінальны характар. Афіцыйных пацвярджэнняў няма дагэтуль. МЗС Беларусі пацвердзіла знікненне нашай суайчынніцы, але імя не назвала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.