Карпушонак паведаміла, што ў Польшчы ў яе прынялі заяву на Латушку

Вольга Карпушонак / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Экс-дэпутатка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак паведаміла, што польская пракуратура прыняла яе заяву на Паўла Латушку. Раней яна абвінаваціла кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) у сексуальных дамаганнях.
Карпушонак апублікавала ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку два фатаздымкі. Яна паведаміла, што гэта дакументы з нацыянальнай пракуратуры і акруговай пракуратуры ў Варшаве, "якія пацвярджаюць, што мая электронная карэспандэнцыя была накіраваная па кампетэнцыі для далейшага разгляду".
Жанчына падкрэсліла, што працуе з адвакатам і дзейнічае ў прававым полі.
Як паведамлялася раней, у апошнія дні жніўня Вольга Карпушонак абвінаваціла Паўла Латушку ў дамаганні і пагрозах. Той у адказ падаў на яе пазоў у суд аб абароне гонару і годнасці. Палітык заявіў пра паклёп і працу спецслужбаў. Карпушонак паведаміла ў сацсетках, што пакінула Еўрасаюз.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.