У М’янме заявілі, што беларуска памерла ад сардэчнага прыступу

Зніклая беларуска Вера Краўцова / фота са старонкі Краўцовай у сацсетках
Стала афіцыйна вядома пра смерць беларускі Веры Краўцовай, якая знікла ў М'янме.
Як піша выданне "Комсомольская правда", бацькам дзяўчыны даслалі даведку на бірманскай мове. У ёй паведамляецца, што дзяўчына, "якая працавала ў Мʼянме ў вёсцы Пхлу, памерла ад сардэчнага прыступу". Таксама ў даведцы гаворыцца, што цела беларускі было крэміраванае 16 кастрычніка.
Напярэдадні стала вядома, што войска М’янмы вызваліла гіганцкі лагер рабоў — скэм-цэнтр "KK Park", дзе трымалі і беларуску, піша "Белсат". Былі вызваленыя 2200 чалавек.
Як паведамлялі СМІ, Вера Краўцова паехала працаваць у Тайланд, а потым апынулася ў так званым скэм-цэнтры. Там дзяўчат робяць "мадэлямі", якія мусяць выманьваць грошы ў багатых. Пра гэта расійскім СМІ расказала расіянка, якую паспелі выратаваць ад такога цэнтру мясцовыя сілавікі. Кантралюе такія цэнтры кітайская мафія.
Паведамлялася, што беларуска прыляцела на сумоўе ў Бангкок, але яе вывезлі ў Мʼянму і зрабілі рабыняй. Тайская паліцыя апублікавала відэазапіс, з якога вынікала, што Тайланд беларуска пакінула самастойна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.