Бабарыка, Калеснікава, Бяляцкі на свабодзе. Падрабязнасці вялікага вызвалення
Вызваленне людзей адбылося 13 снежня. На волі 123 чалавека / Коллаж Euroradio
13 снежня на волю выйшлі 123 палітычныя вязні, сярод іх гучныя імёны. На волі Марыя Калеснікава, Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Аляксандр Фядута, Марына Золатава. Вядома, што журналіст Анджэй Пачобут адмовіўся ад вызвалення. Сярод вызваленых грамадзяне Украіны, ЗША, Аўстраліі, Латвіі, Японіі. Еўрарадыё ў рэальным часе асвятляла гэтую падзею.
BYSOL абвясціў тэрміновы збор на дапамогу, на 17.45 собрана ўжо 135 000 еўра. Збор працягваецца.
На ютуб-канале Еўрарадыё прайшоў стрым, падчас якога да Змітра Лукашука падключаліся эксперты і вядомыя асобы. У Літве працавала рэдактар Марыя Калеснікава. Расказваем, каго вызвалілі і як гэта было.
Марыя Калеснікава — музыкантка, культурная менеджарка, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады і кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі. 7 верасня 2020 года Калеснікаву выкралі ў Мінску і спрабавалі прымусова вывезці на мяжу з Украінай.
Марыя сарвала спецаперацыю, разарваўшы пашпарт. 9 верасня яе затрымалі, пазней перавялі ў СІЗА Жодзіна, а потым у СІЗА-1. Ёй выставілі абвінавачанні па трох крымінальных артыкулах: заклікі, накіраваныя супраць нацыянальнай бяспекі, змова з мэтай захопу ўлады і стварэнне экстрэмісцкага фармавання. У верасні 2021 года Мінскі райсуд прыгаварыў Калеснікаву да 11 гадоў пазбаўлення волі.
Восенню 2022 года яе змясцілі ў штрафны ізалятар калоніі, пасля чаго Марыя апынулася ў бальніцы з прабадной язвай і перытанітам. Пазней вярнулася ў калонію, аднак мела цяжкасці з харчаваннем і доўга аднаўлялася. Еўрапарламент патрабаваў забяспечыць ёй медыцынскую дапамогу.
Толькі ў лістападзе 2024 года яна ўпершыню за 18 месяцаў пабачыла бацьку, але затым зноў аказалася без сувязі з навакольным светам.
Восенню 2025 года ад Марыі прыйшоў ліст да бацькі, у якім яна цёпла згадвала сям'ю і выказвала надзею на хуткую сустрэчу.
Алесь Бяляцкі — старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, адзін з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах справы супраць "Вясны", правёўшы вобшукі ў доме і ў офісе арганізацыі.
Першапачаткова Бяляцкага абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў, аднак восенню 2022 года гэтую справу спынілі і высунулі новыя абвінавачанні — у кантрабандзе буйной сумы наяўных грошай і фінансаванні пратэстаў.
3 сакавіка 2023 года суд прыгаварыў Бяляцкага да 10 гадоў узмоцненага рэжыму і буйнога штрафу. Яго калегі Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч атрымалі адпаведна 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі.
У снежні 2023 года яго ўнеслі ў пералік "экстрэмістаў".
Праваабаронц мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія ўзніклі яшчэ пасля папярэдняга турэмнага тэрміну. Перадаваць яму лекі нельга — ён можа атрымліваць дапамогу толькі ў медчастцы калоніі.
Улетку 2024 года яго вазілі на аперацыю ў турэмную бальніцу ў Калядзічах, мяркуецца, што гэта была аперацыя на нагах. Пасля яе ён вярнуўся ў калонію і зноў апынуўся ў атрадзе.
Віктар Бабарыка — банкір, грамадскі дзеяч і адзін з найбольш заўважных альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі. Больш за 20 гадоў ён узначальваў Белгазпрамбанк. Бабарыка актыўна падтрымліваў культуру і мастацтва: ініцыяваў праекты "Арт-Беларусь", "Тэарт", культурны хаб “ОК16”, садзейнічаў вяртанню ў Беларусь твораў Шагала, Суціна і арыгінала Бібліі Францыска Скарыны.
12 мая 2020 года Бабарыка абвясціў пра намер балатавацца ў прэзідэнты. Яго ініцыятыўная група стала адной з найбуйнейшых у краіне, а штаб паведаміў пра рэкордную колькасць сабраных подпісаў. 18 чэрвеня 2020 года Віктар Бабарыка быў затрыманы разам з сынам Эдуардам па дарозе ў ЦВК для здачы подпісаў і змешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова яму прад’явілі абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, легалізацыі сродкаў і дачы хабару, пазней кваліфікацыю змянілі на атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры і "адмыванне" грошай. Бабарыка віну не прызнаў.
6 ліпеня 2021 года яму прысудзілі 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу і буйных кампенсацыйных выплат. У зняволенні Бабарыка працаваў на цяжкіх фізічных работах — у пякарні і на вытворчасці драўнянага вугалю, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, а з лютага 2023 года ён працяглы час утрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
Стан здароўя Бабарыкі выклікаў сур’ёзную трывогу: у красавіку 2023 года яго экстранна шпіталізавалі з вадкасцю ў лёгкіх. Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу, прызнаўшы магчымыя шматлікія парушэнні яго правоў. Доўгі час пра яго не было ніякай інфармацыі.
У лютым 2025 года з’явіліся фота і відэа з Бабарыкам, якія пацвярджаюць, што ён жывы, але знаходзіцца пад жорсткім кантролем і прафілактычнымі ўлікамі. Улетку 2025 года стала вядома, што ён зноў працуе ў пякарні ІК № 1 у Наваполацку. Паводле слоў былых зняволеных, Бабарыка прыкметна схуднеў, пазней крыху аднавіўся, аднак зносіны з ім для іншых вязняў строга караюцца.
Максім Знак — беларускі адвакат, вучоны-юрыст і член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ з адзнакай, абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаў ступень Executive MBA у Польшчы і больш за 20 гадоў займаўся юрыдычным кансалтынгам. Максім Знак выкладаў у БДУ, удзельнічаў у праектах Сусветнага банка, публікаваўся ў СМІ і прызнаваўся адным з лідараў юрыдычнага рынку. Таксама ён захапляўся спортам і аўтарскай песняй.
У маі 2020 года Максім Знак далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі як кіраўнік юрыдычнага кірунку штаба. Юрыста затрымалі 9 верасня 2020 года, у яго кватэры прайшоў вобшук, пасля чаго яго даставілі на допыт у Следчы камітэт. Спачатку яму прад’явілі абвінавачанне — "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі", на знак пратэсту Знак абвясціў галадоўку. Пазней да абвінавачанняў дадалі "змову з мэтай захопу ўлады" і "стварэнне экстрэмісцкага фармавання".
6 верасня 2021 года Мінскі раённы суд у закрытым рэжыме прыгаварыў Максіма Знака да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
У 2022 годзе ААН прызнала зняволенне Максіма Знака незаконным. У тым жа годзе КДБ і МУС уключылі яго ў спісы "тэрарыстаў" і "экстрэмістаў". Знак утрымліваўся ў рэжыме інкамунікада — без сувязі з роднымі і знешнім светам.
З'явіліся першыя кадры вызваленых.
З'явілася першае відэа з Віктарам Бабарыка.
@euroradio.plus Першае відэа Віктара Бабарыкі на волі. #палітвязні #беларусь #викторбабарико ♬ original sound - Еўрарадыё.Плюс
Сярод вызваленых:
- Павел Севярынец — беларускі палітык, адзін з заснавальнікаў і лідараў моладзевага руху «Малады фронт», публіцыст, ініцыятар акцыі супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Шматразова асуджаны рэжымам за ўдзелы ў пратэстах;
- Марына Санкевіч — асуджаная за каментары ў сацыяльных сетках да 7 гадоў пазбаўлення волі, правяла ў зняволенні 1388 дзён;
- Сафія Бачурынская — 70-гадовая гамяльчанка, асуджаная да 2 гадоў калоніі па абвінавачанні за «абразу Лукашэнкі»;
- Уладзіслаў Яцэнка — жыхар Гомеля, асуджаны на 5 гадоў зняволення за тое, што перавёў 21 еўра для палка імя Кастуся Каліноўскага — падраздзялення беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ад расійскай акупацыі;
- Сяргей Іванцоў — псіхолаг, затрыманы ў красавіку 2023 года за тое, што нібыта пісаў каментары ў бот тэлегам-канала «Беларусь галаўнога мозга». Асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі;
- Наталля Малец — пенсіянерка, асуджаная на 3 гады зняволення за тое, што знаходзілася ў Фэйсбук-суполцы «Лісты салідарнасці Беларусь 2020».
З'явілася першае відэа з Алесем Бяляцкім.
Першыя словы Аляксандра Фядуты на волі.
Першыя словы Марыі Калеснікавай.
У Мінску ў гэтыя дні знаходзіўся спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Ён праводзіў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Стала вядома, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію.
— Мы гаварылі пра вайну паміж Украінай і Расіяй, пра Венесуэлу. Лукашэнка згадаў многіх людзей і многія рэчы. У нас была вельмі добрая размова. Мы гаварылі пра будучыню. Пра тое, як ісці шляхам збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць адносіны. Гэта наша мэта, — сказаў прадстаўнік ЗША.