У Харкаве расійскі "шахед" ударыў у дзіцячы санаторый
Наступствы атакі на Украіну ўначы 13 студзеня / ДСНС Украіны
У ноч на 13 студзеня расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Харкаўскай вобласці і Адэсе.
Як заявіў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў, у раёне Харкава ўначы прагрымела серыя выбухаў. Цяпер вядома пра чатырох загінулых і яшчэ шасцярых параненых з рознай ступенню цяжкасці, перадае hromadske.ua.
ДСНС сведчыць, што расійскі ўдар быў нанесены па тэрыторыі паштовага тэрмінала ў прыгарадзе Харкава. Былі разбураныя некалькі будынкаў, пажары ахапілі плошчу каля 500 кв. м.
Ратавальнікі выратавалі 30 чалавек, дваіх чалавек пры гэтым дасталі з-пад завалаў разбуранага будынка.
У самім Харкаве "шахед" ударыў у дзіцячы санаторый. Паводле інфармацыі гарадскога галавы Ігара Церахава, на месцы ўдару пачаўся пажар.
Адэса за ноч перажыла дзве хвалі атак. У цэнтральнай частцы горада былі пашкоджаныя жылыя дамы і аб'екты сацыяльнай сферы: бальніца, дзіцячы сад і школа. Вядома пра пяць пацярпелых.