Упраўленне ў справах замежнікаў пацвердзіць правы беларусаў на рахункі ў Польшчы

Банк у Польшчы

Банк у Польшчы / Shutterstock

Беларусы ў Польшчы, якія знаходзяцца ў працэдуры легалізацыі і маюць часовыя пасведчанні асобы іншаземца, сутыкнуліся з праблемай адкрыцця рахункаў у польскіх банках. Гэтую праблему абмяркоўвалі падчас сустрэчы намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч. Гэтая праблема ўзнікла пасля ўвядзення 19-га пакета санкцый ЕС.

Латушка звярнуў увагу, што Камісія фінансавага нагляду Польшчы прызнала згаданы дакумент падставай для адкрыцця разліковага рахунку. Тым не менш беларусы па-ранейшаму сутыкаюцца з цяжкасцямі пры адкрыцці рахункаў. Таму Упраўленне па справах замежнікаў дасць дадатковае пісьмовае пацверджанне, што гэты дакумент з’яўляецца падставай для адкрыцця рахункаў.

Таксама Цытрыновіч паведаміў, што яго ведамства падтрымлівае прапанову павялічыць тэрмін дзеяння праязнога дакумента для замежнікаў больш чым на адзін год. Гэта значна спрасціла б развязанне сацыяльна-бытавых і іншых пытанняў для замежнікаў на тэрыторыі Польшчы, а таксама зменшыла б нагрузку на польскія органы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.