Лукашэнка параіў навукоўцам браць прыклад з сілавікоў, каб падняць статус

Лукашэнка з сілавікамі ў 2020 годзе

Лукашэнка з сілавікамі ў 2020 годзе / AP

Лукашэнка параіў навукоўцам браць прыклад з сілавікоў. Нібыта, менавіта так яны змогуць падняць свой статус у грамадстве. Парада прагучала 21 лістапада на нарадзе па развіцці навуковай сферы.

Ён паведаміў, што з прапановай павысіць статус навукоўцаў да яго звярнуліся Міхаіл Мясніковіч і Аляксандр Косінец. У адказ Лукашэнка заявіў, што падняць свой статус могуць толькі самі навукоўцы сваімі навуковымі дасягненнямі.

А потым намякнуў, што дапамагчы можа і палітычная лаяльнасць. Як прыклад ён згадаў сілавікоў. Паводле Лукашэнкі, у 1990-я гады ў міліцыю і вайскоўцаў "кідалі тухлыя яйкі", а ён узяўся падымаць іх статус.

"Але калі народ перастаў клеймаваць ганьбай нашых вайскоўцаў і міліцыю? Пасля 2020 года, калі людзі ў пагонах сталі і сказалі побач з прэзідэнтам, а то і наперадзе: не, краіна будзе суверэннай і незалежнай і будзе развівацца сваім розумам, і мы не дазволім укінуць у бездань падзей, брудных падзей нашу Беларусь. Было так? Дваццаты год, вы ж усё памятаеце. Яны гэтым самым паднялі свой узровень і статус на высокі ўзровень", — патлумачыў Лукашэнка.

Ён дадаў, што "можа, яшчэ той 20-ы год для навукоўцаў не наступіў". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.