Як можа выглядаць добры сцэнар для Беларусі? Меркаванне Шрайбмана
Крыху аптымізму ад палітычнага аглядальніка / МИД Беларуси
— Мы нарэшце выйшлі з таго лакальнага застою, у якім знаходзіліся пасля 2020–2021 гадоў. Пачалася хоць і невялікая, але ўсё ж палітычная дынаміка, — сцвярджае аглядальнік Арцём Шрайбман, — і мне здаецца, што рэтраспектыўна, у 2030 годзе, калі спраўдзіцца спрыяльны сцэнарый, мы зможам глядзець на сённяшні момант як на паваротную кропку.
У праекце “Беларусь 2030” ён намаляваў контуры спрыяльнага сцэнара для Беларусі. Як можа выглядаць такі сцэнарый, які не гарантаваны, але магчымы?
— Калі не адбудзецца так, што ЗША страцяць цікавасць, а наадварот — цікавасць пашырыцца: цікавасць да ўзаемадзеяння, да пошуку нішаў для дыялогу. І гэты цікавасць распаўсюдзіцца і на іншых актараў — Еўразвяз, магчыма, нават на Украіну, на суседнія краіны, на асобныя дзяржавы ЕС, на краіны па-за Саюзам — той жа Ватыкан, Вялікабрытанію.
Паступова гэта можа стварыць новы трэк, які можна назваць дээскалацыяй. І дээскалацыя стане галоўным працэсам, вакол якога будуць будавацца ўсе палітычныя крокі. Збіўчa, з паўзамі, з тармажэннямі — але яна стане магістральным напрамкам.
А дээскалацыя, у сваю чаргу, павінна закрануць і ўнутраную палітыку: нельга будзе захоўваць тое самае колькасць палітвязняў. Значыць, іх давядзецца або шматкроць паменшыць, або ўвогуле адмовіцца ад гэтай практыкі.
Давядзецца пераходзіць да іншых формаў кантролю — адміністрацыйных мер, запалохвання, мяккіх формаў ціску, то-бок да пэўнага змякчэння рэпрэсіўнай палітыкі. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ў Лукашэнкі будзе дастаткова стымулаў працягваць дээскалацыю, — малюе магчымую карціну будучыні Арцём.
Але што можа падштурхнуць сістэму, выбудаваную ў Беларусі за апошнія пяць гадоў, да зменаў? Эканоміка, мяркуе Шрайбман.
— Стымулы могуць з’яўляцца, таму што расійская эканоміка, як ты разумееш, ужо не проста “дваіх не вывезе”, яна ўжо “аднаго не вывозіць”. То-бок эканамічныя стымулы ёсць. І, як мы бачым, мышачная памяць балансавання ў яго [Лукашэнкі, — Еўрарадыё] захавалася.
Найбольш трывожнае — цікавасць заходняга флангу, асабліва ЗША. Там фокус можа зрушыцца вельмі хутка. Але калі цікавасць захаваецца, і працэс будзе ісці, мы можам убачыць у Беларусі адмову хаця б ад часткі рэпрэсіўных практык.
Не ад усіх. Я не веру ў поўнае спыненне рэпрэсій пры Лукашэнку. Я не веру ў вяртанне ў стан 2019 года або 2017-га — да справы “Белага легіёна”, калі ўзровень рэпрэсій быў мінімальны, калі людзей нават не затрымлівалі за выхад на вуліцу і максімум выпісвалі штрафы. У гэта вярнуцца немагчыма, — упэўнены аглядальнік.
Тады якой будзе гэтая Беларусь, калі вяртанне да 2019 года немагчыма? Як у Казахстане, мяркуе Шрайбман. Пры адмарожванні кантактаў і эканамічных адносін з Захадам.
— Але можна вярнуцца ў кропку, дзе няма — або амаль няма — палітвязняў. Калі ўлада абыходзіцца іншымі метадамі кантролю. Напрыклад, у Казахстане ўладзе не патрэбныя сотні палітвязняў, каб утрымліваць грамадства ў палітычна спакойным стане. Хаця казахскае грамадства — таксама сучаснае, лічбавае, адукаванае. Тым не менш улада ўмее трымаць яго без маштабных рэпрэсій.
У пазітыўным сцэнарыі беларуская ўлада таксама можа прыйсці да кропкі, дзе яна разумее: “О’кей, здаецца, мы можам кіраваць сітуацыяй меншымі рэпрэсіямі, а ўзамен атрымаць нешта на Захадзе” — адмарожванне кантактаў, зняцце часткі санкцый. Асабліва калі здарыцца перамір’е, і пытанне санкцый перастане быць абсалютным табу.
Далей гэта створыць унутры краіны крыху іншую атмасферу. Бо грамадзянскія мышцы — атрафаваныя пасля 2020–2022 гадоў — пачнуць ажываць. На аснове таго грамадзянскага грамадства, якое не паспелі поўнасцю раздушыць, або таго, якое паўстане нанова.
Гэта могуць быць самыя розныя ініцыятывы: культурныя, краязнаўчыя, гістарычныя, моўныя, нефармальныя суполкі, якія будуць разрастацца; лакальныя ўрбаністычныя групы, што пачынаюць з азелянення двара, а потым каардынуюцца між сабой; і гэта вырастае ў сетку — бізнес-клубы, бізнес-асацыяцыі. Бо бізнес-асацыяцыі ў краіне ёсць, яны зарэгістраваныя, існуюць, і часам дазваляюць сабе мякка крытыкаваць эканамічную палітыку, — падсумоўвае Арцём Шрайбман.