Дзе другі баксёр у рынгу? Пракоп'еў пра крызіс у дэмакратычных сілах

Вадзім Пракоп'еў

Вадзім Пракоп'еў / Еўрарадыё

Каб змяніць сітуацыю ў краіне, беларускае грамадства павінна дамовіцца і стварыць новы цэнтр кансалідацыі. І роля апазіцыі ў выгнанні ў гэтым пытанні вельмі істотная.

— Было б, канешне, ідэальна, калі б такім цэнтрам кансалідацыі і аб’яднання стаў выбарны мандат 2020 года, але ён ім не стаў, — кажа ў эфіры Еўрарадыё лідар фракцыі Каардынацыйнай рады "Беларусы" і бізнесмен Вадзім Пракап’еў.

— Каб беларускае палітычнае раўненне скончылася вынікам, каб здарыўся, прабачце за алегорыю, "аргазм" — трэба, каб сфарміравалася шмат фактараў, — тлумачыць суразмоўца. — Ёсць фактары, якія нам цалкам не падкантрольныя… Але ёсць фактары, на якія мы можам уплываць: гэта супрацьстаянне не можа скончыцца перамогай беларускага грамадства, калі ў нас не будзе арганізацыі, суб’екта — калі ў нас не будзе палітычнай альтэрнатывы.

Унутры Беларусі яна не мае ніякіх шанцаў з’явіцца.

Лукашэнка стане перад неабходнасцю ўскладнення палітычнай сістэмы — ён будзе заводзіць сабе "ручную апазіцыю", бо гэта патрэбна для яго балансу.

Беларусы ў гэтую "ручную апазіцыю" не павераць — не павераць ні ў Канапацкую, ні ў Дзмітрыева, ні ў Марзалюка.

Роля апазіцыі ў выгнанні такім чынам застаецца — і яна істотная.

Апазіцыя ў выгнанні аднойчы павінна стварыць суб’ект, калі хочаце алегорыю са спортам — другога баксёра ў рынгу. Ён зараз адсутнічае.

Тое, што прынята называць палітычным полюсам, цэнтрам сілы, лідэрствам у беларускай апазіцыі, на жаль, уяўляе сабой сімулятар. Сімулятар не з’яўляецца баксёрам у рынгу. Нам давядзецца стварыць цэнтр палітычнай сілы і дамовіцца паміж сабой.

Такіх цэнтраў сілы не можа быць 10 або 12. Ён у Беларусі павінен быць адзін, і гэта павінен быць вынік дамовы паміж беларусамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.