Пракоп'еў: Ціханоўскаму трэба ў Ель і быць дзяжурным у Вашынгтоне

Сяргей Ціханоўскі і Вадзім Пракоп'еў

Сяргей Ціханоўскі і Вадзім Пракоп'еў

Сяргей Ціханоўскі праехаў турам па ЗША, дзе сустракаўся з беларусамі, амерыканскімі палітыкамі і выступаў на розных пляцоўках. Блогер Вадзім Пракоп’еў, які не хавае, што даваў экс-палітзняволенаму парады па працы ў ЗША, лічыць, што Ціханоўскаму трэба атрымаць амерыканскую адукацыю і вывучыць англійскую. Пра такі намер “першы джэнтльмен Беларусі” ўжо заявіў.

“У твітэры вельмі з'едліва жартавалі пра тое, што, ну, вось усё зразумела цяпер з беларускай апазіцыяй: выйшаў, во, таварыш неўраўнаважаны і паабяцаў, што ён вывучыць англійскую. Усё ясна. Рэвалюцыя Беларусі ў добрых руках. Гэта   з'едлівасць, вядома, зразумелая. Але я якраз лічу, што ён правільнае рашэнне прыняў і самастойнае. Можа быць, я крышачку на гэта паўплываў, але ледзь, крышачку”, — сказаў Пракоп’еў у эфіры Еўрарадыё.

Сяргею давядзецца прыняць рашэнне адносна сваёй ролі і свайго лёсу. Я хацеў бы, каб ён пайшоў гэтым амерыканскім трэкам, але гэта будзе потым. Першыя некалькі месяцаў, вось проста цяпер, пакуль жалеза гарачае, ён абсалютна дакладна павінен быць дзяжурным. Дзяжурным па “праекце 1300 [гаворка пра вызваленне палітвязняў] у Вашынгтоне”.

Пракоп’еў лічыць, што для разумення таго, як у ЗША дасягаць мэтаў, яму патрэбна “фармальная адукацыя”.

“Добра, калі гэта будзе ўніверсітэт. Ён, дарэчы, у Ельскім універсітэце 18 лістапада можа выступіць і, магчыма, будзе ягонае выступленне ў Стэнфардзе. Гэта вельмі добра, бо там і сувязі, і магчымасці. І можа нават адзін з гэтых універсітэтаў прапануе яму стыпендыю і магчымасць павучыцца, што было б выдатна. Асабліва калі Сяргей паставіў сабе мэту вывучыць англійскую”.

Аднак Пракоп’еў лічыць, што і ў Вашынгтоне Сяргею “ёсць чым займацца 24 на 7 шмат-шмат месяцаў”.

“І гэта не столькі шчыльны графік сустрэч, колькі спроба разабрацца ў амерыканскай палітыцы, спроба разабрацца who is who, хто на каго ўплывае. А і, натуральна, 50 % гэтых сустрэч не прывядуць ні да якога выніку, але іх давядзецца праводзіць”.

Пракоп’еў кажа, што ў ЗША вывучыць англійскую лягчэй, і таму Сяргей мог бы ўсё сумясціць.

“Хацелася б, каб у беларускай апазіцыі былі грошы на такія рэчы. Грошай няма. І я не думаю, што ў Сяргея атрымаецца гэтыя грошы сабраць краўдфандынгам у дыяспары. Дыяспара знаходзіцца ў агідным маральным стане і стане поўнай дэмабілізацыі. […] У Вашынгтоне дастаткова беларусаў, якія ў стане падставіць плячо. І Сяргей гэта ўжо ацаніў. Ён гэта бачыў, як гэта працуе”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.