“Я супраць цябе ніколі не пайду, але…” Святлана Ціханоўская пра адносіны з мужам
Святлана і Сяргей Ціханоўскія / з акаўнту Сяргея Ціханоўскага ў Інстаграме
Святлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі дамовіліся, што палітычныя працэсы не будуць уплываць на іх асабістыя стасункі і сямейнае жыццё. Хоць часам вечар за філіжанкай кавы ператвараецца ў абмеркаванне таго, хто і што сказаў публічна. Гэтыя каляпалітычныя сваркі Святлана і Сяргей спыняюць і дамаўляюцца дома заставацца блізкімі людзьмі.
— Я разумею, што ў грамадства было ўражанне, калі Сяргей выйшаў, што ён павінен стаць побач са Святланай, бо я была за яго. Але мы павінны разумець, што Сяргей — асоба з палітычнымі амбіцыямі. Ён выйшаў і адразу сказаў: я не бачу сябе ў складзе Офіса. Я асобны чалавек, у мяне можа быць сваё бачанне.
Зараз ён прасоўвае нейтральны статус Беларусі. Можа, гэта і добра, бо выклікае абмеркаванне ў грамадстве, людзі пралічваюць, якія могуць быць магчымасці для гэтага і ці ўвогуле гэта магчыма. Былі нейкія памылкі з яго боку, я гэта скідвала на тое, што чалавек быў у рэжыме інкамунікада, чалавек застаўся ў 2020 годзе. І вось ён выйшаў [і кажа]: Беларусы, вы дзе? чаму хаваеце твары?
І неяк хутка “захэйцілі” Ціханоўскага. Але я стаўлюся да гэтага [выказванняў Ціханоўскага] з вялікім разуменнем, бо ты не можаш за месяц, два, тры ўявіць сабе, што адбывалася пяць гадоў, зразумець усю інфраструктуру дэмакратычных сіл.
Мы з ім шмат размаўляем пра палітыку, я яму тлумачу, чым мы займаемся, як я гэта бачу. І я кажу: "Гэта нармальна, што ў цябе свая каманда з’яўляецца, нехта на цябе ўплывае". Кажу: "Я супраць цябе ніколі не пайду, ты мой муж, ты ў 2020 годзе быў зоркай. Але я хацела б, каб ты таксама не быў крыніцай канфліктаў, бо ўсё, што робіш ты, перакладваецца і на мяне", — падкрэсліла лідарка дэмсіл.
Святлана Ціханоўская просіць грамадства не асуджаць Сяргея Ціханоўскага. А свайму мужу абяцае заставацца побач і прапаноўваць дапамогу, калі яна будзе патрэбнай.