Чаму Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў ЗША?

Адказвае Вадзім Пракоп’еў

Адказвае Вадзім Пракоп’еў / LRT

— ЗША па-ранейшаму застаюцца галоўным гульцом у беларускім напрамку. Не Вільня, не Варшава — на жаль. Галоўны актар тут менавіта Вашынгтон, — упэўнены палітычны актывіст Вадзім Пракоп’еў.

У эфіры Еўрарадыё ён растлумачыў, чаму Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў ЗША і якія надзеі Пракоп’еў ускладае на беларускі бізнес у эміграцыі.

— Адносіны нашых апазіцыйных структур з ЗША скажоныя і, па сутнасці, бесперспектыўныя. Гэта адносіны ўзроўню "партыя — камсамол". Нельга адной рукой прасіць грошы, а другой — спрабаваць настойваць на сваіх інтарэсах або запускаць механізмы лабіявання. Гэта несумяшчальныя рэчы, — упэўнены лідар фракцыі ў Каардынацыйным Савеце.

Пракоп’еў абвінаваціў Офіс у інфантылізме і няправільных паведамленнях, якія ён пасылае ўладам ЗША.

— Увесь мэсэдж, які нашы тытульныя структуры адрасавалі амерыканцам апошнія пяць гадоў, можна звесці да адной фразы: “Дзядзенька, дапамажыце нам пабудаваць дэмакратыю ў Беларусі”. Гэта бесперспектыўна. Гэта ніяк не прывязана да рэальнасці. Гэта інфантыльны падыход.

Пры гэтым нам абсалютна неабходная прысутнасць у ЗША ў форме пастаяннага лабіявання. Нам патрэбны праваднік нашых інтарэсаў. І гэта не можа быць проста “хтосьці”. Такі чалавек павінен мець імя, аўтарытэт і пры гэтым ніколі не атрымліваць грантаў. Добра было б, каб такіх было двое, трое, чацвёра. Але пакуль у нас фактычна адзін такі чалавек.

Гэты чалавек — Сяргей Ціханоўскі, і “ён робіць сваю працу фантастычна, асабліва ўлічваючы, што з ім адбылося”, — упэўнены Пракоп’еў.

Але калі Сяргей не жыве на заходнія гранты, хто яго падтрымлівае? На каго спадзявацца? У каго верыць Пракоп’еў?

— Гэта беларускі бізнес — нацыянальная буржуазія, бізнес у выгнанні. Рэлацыраваўшыся, ён здольны вырасці ў паспяховыя структуры. І ў яго непазбежна ўзнікне запыт на сваю дзяржаву. Менавіта ў гэты слой я веру. Калі б гэтай сілы не было, праект Сяргея Ціханоўскага ў ЗША быў бы немагчымы.

Адной з першых рэчаў, якія я растлумачыў Сяргею, было: нельга залежаць ад заходняга фінансавання. Таму сярэдні беларускі бізнес — а, магчыма, пазней і буйны — сапраўды можа стаць тым гульцом, які сфарміруе новы цэнтр сілы, — упэўнены Вадзім Пракоп’еў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.