Стала вядомае імя аднаго з памілаваных 30 снежня — "Наша Ніва"
Уладзіслаў Абушэнка / фота з яго сацсетак
Адным з памілаваных 30 снежня "экстрэмістаў" стаў Уладзіслаў Абушэнка. Яму 30 гадоў, і ён працуе інфекцыяністам у 25‑й паліклініцы Мінска. Яго імя даведалася "Наша Ніва".
Відэа з затрыманым хлопцам сілавікі апублікавалі ў лютым 2024-га. Прыкладна тады ён быў і арыштаваны за ўдзел у пратэстах 2020 года. У красавіку 2024-га Абушэнку прысудзілі "хатнюю хімію". Дакладны тэрмін невядомы, але выданне мяркуе, што яму маглі прызначыць тыповыя 2‑3 гады.
Паведамляецца, што Абушэнка меў статус "былога палітвязня" — за тыя месяцы, што правёў у СІЗА. На момант памілавання статусу палітвязня ён не меў, бо праваабаронцы не надаюць такі статус людзям на "хатняй хіміі".
30 снежня стала вядома пра вызваленне з-за кратаў 22 чалавек па памілаванні. Паведамлялася, што 20 з іх былі асуджаныя паводле палітычных матываў.