Людзі года — 2025. Выбар чытачоў і гледачоў Еўрарадыё

Каго беларусы называлі людзьмі года

Каго беларусы называлі людзьмі года / ChatGPT/Euroradio

Падвядзенне вынікаў года — гэта і выбар тых, каго можна назваць героямі года. Тых, хто прыцягнуў увагу беларусаў і зрабіў нешта дзеля многіх.

Еўрарадыё штогод называла сваю версію персон года, але гэтым разам мы вырашылі спытаць меркавання нашай аўдыторыі — за тыдзень мы сабралі некалькі соцень кандыдатур. І вось каго часцей за ўсё згадвалі.

Люди года — 2025. Выбор читателей и зрителей Еврорадио

Мікалай Статкевіч

"Статкевіч — глыба", — напісаў хтосьці ў нашу форму. І мы з гэтым згодныя. Палітык праявіў асабістую мужнасць, калі пасля вераснёўскага вызвалення адмовіўся быць дэпартаваным з Беларусі і некалькі гадзін правёў на мяжы. За здымкамі адтуль сачылі дзясяткі тысяч. Нехта з захапленнем, а нехта з сумам, а рэжым — напэўна, са злосцю.

Адным учынкам Мікалай Статкевіч паказаў не толькі праблему дэпартацыі з краіны, але і тое, як даць аплявуху Лукашэнку. Яго выбар — не прыклад таго, як трэба паступаць у выпадку выправаджэння, але прыклад таго, як трэба адстойваць свае прынцыпы.

Люди года — 2025. Выбор читателей и зрителей Еврорадио

Алесь Бяляцкі

Нобелеўскі лаўрэат, вызвалены ў снежні пасля чарговай здзелкі Лукашэнкі з амерыканцамі, паказаў: ён не зламаўся ў турме. На волі мы ўсе ўбачылі такога ж разважлівага і спакойнага чалавека, для якога лёс Беларусі і беларусаў застаюцца на першым месцы — нават уласнае здароўе, мяркуючы па ўсім, толькі на другім.

Алесь Бяляцкі многае зрабіў для Беларусі — краіны, у якой нават не быў народжаны. І дакладна зробіць яшчэ больш.

Люди года — 2025. Выбор читателей и зрителей Еврорадио

Мікіта Мелказёраў

Маштаб асобы і роля Мікіты Мелкозёрава ў кантэксце беларускіх медыя і прасоўвання беларусацэнтрычнасці, на жаль, сталі зразумелымі толькі пасля яго раптоўнай смерці.

Адразу пасля з'яўлення дрэнных навін дзясяткі чалавек напісалі ў форму яго імя. За "Жыццё-маліну", за спецыяльны праект пра гісторыю Беларусі, за асабісты прыклад таго, як можна пераходзіць на беларускую і не баяцца памылак. І за многае іншае.

Люди года — 2025. Выбор читателей и зрителей Еврорадио

Дзяўчаты, якія не маўчалі пра харасмент

Многія згадвалі дзяўчат, якія распавялі пра харасмент з боку Андрэя Стрыжака. А таксама Яну, якая распавяла пра абюз з боку Мікалая Дзядка.

Чаму іх адзначылі? Усё проста: патрэбна неверагодная смеласць, каб распавядаць пра гвалт. Нават ананімна зрабіць гэта бывае вельмі складана, таму што дзяўчаты баяцца негатыўных наступстваў для сябе.

Але калі першыя факты ўжо былі агучаныя — спадзяемся, і іншыя не будуць маўчаць пра харасмент, таму што гэта дапамагае змагацца з самой праблемай.

Люди года — 2025. Выбор читателей и зрителей Еврорадио

Святлана Ціханоўская

Нарэшце, нашы чытачы і гледачы часта згадвалі Святлану Ціханоўскую. Хтосьці напісаў, што яна па-ранейшаму кансалідуе дэмакратычныя сілы Беларусі, нягледзячы на ўсю крытыку і спробы перашкодзіць яе дзейнасці.

Ціханоўская працягвае адвакатаваць Беларусь — і без яе голасу беларусаў у Еўропе амаль не чулі б. Гэта велізарная штодзённая праца і нагрузка, якую складана сабе ўявіць. 

Каго яшчэ часта згадвалі?

Нямала згадак таксама атрымалі Марыя Калеснікава, Наста Базар, Святлана Курс, Зміцер Лукашук і наша Маша Калеснікава (так і пісалі: "Ваша Маша"), а таксама Арына Сабаленка, Анджэй Пачобут і Павел Севярынец. Было некалькі згадак Джона Коўла і Дональда Трампа.

Былі яшчэ два намінанты з вялікай колькасцю згадак, аднак гэта былі характэрныя накруткі "хвалямі", з гэтай прычыны яны дыскваліфікаваныя. 

А хто герой ці персона года асабіста для вас? Раскажыце нам у любой сацсетцы!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.