"Бессэнсоўная задума": жонка Статкевіча пра спробу выправадзіць палітыка за мяжу

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, паказвае фатаграфію сябе і мужа, Мінск, Беларусь, 27 студзеня 2025 года

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, паказвае фатаграфію сябе і мужа, Мінск, Беларусь, 27 студзеня 2025 года / Наталья Колесникова / AFP / Scanpix / LETA

У нядзелю ўвечары Марына Адамовіч, жонка зніклага на беларуска-літоўскай мяжы палітвязня Мікалая Статкевіча, падала заяву ў міліцыю аб знікненні чалавека. Прайшло трое сутак з таго часу, як Мікалай патэлефанаваў ёй з мяжы і сказаў, што яго разам з іншымі палітвязнямі спрабуюць вывезці ў Літву, але ён нікуды не паедзе і вернецца ў Беларусь. Потым ён знік. Без дакументаў, без рэчаў, без лекаў.

Заяву ў Марыны прынялі. У панядзелак раніцай выданне "Наша ніва" паведаміла са спасылкай на крыніцу, што Статкевіч знаходзіцца ў той жа калоніі ў Глыбокім, з якой яго вывезлі 11 верасня. Але пацверджання гэтай інфармацыі няма. У сваю чаргу, прапагандысты сцвярджаюць, што ён у Літве, а памежная служба Літвы гэта зняпраўджвае.

"Новая-Еўропа" пагаварыла з Марынай Адамовіч пра Мікалая, рэжым інкамунікада, адзіны званок з мяжы і пра тое, чаго варта чакаць у будучыні.

— Марына, вы з Мікалаем калі-небудзь наогул абмяркоўвалі тэму магчымага ад'езду з Беларусі?

— Ніколі. У нас гэта імператыўна, па ўмаўчанні, немагчыма. І ў 2015 годзе, калі Мікалай выйшаў пасля папярэдняга турэмнага тэрміну, велізарная колькасць людзей на вуліцах падыходзілі да яго, каб паціснуць руку, і ці ледзь не кожны пытаўся: "Ну вы ж не з'едзеце? Вы ж нас не кінеце?" Мікалай заўсёды адказваў, што нікуды не з'едзе. І, натуральна, мы гэта нават не абмяркоўвалі.

— Як вы даведаліся, што Мікалай больш не ў калоніі?

— Я даведалася пра гэта ад свайго сына Юры. Магчыма, гэта было яшчэ да першых паведамленняў у медыя. Ён напісаў мне ў мэсэнджар: "Мама, гэта пі**ец". Я яму ператэлефанавала, і ён крычаў: "Мама, ён вяртаецца!" Я спачатку не зразумела: хто, што, куды вяртаецца? Юра сказаў: "Мікалая вывозяць з краіны, а ён вяртаецца ў Беларусь". Мікалай, аказалася, тэлефанаваў мне з чужога тэлефона практычна адразу ж, як выскачыў з таго аўтобуса, але не датэлефанаваўся: нумар быў адключаны, я ў той момант знаходзілася не ў Беларусі. І тады ён патэлефанаваў Юру. Увогуле, у выніку я прадыктавала Юру нумар дзяўчыны, якая знаходзілася побач са мной, і Мікалай змог мне патэлефанаваць — з чужога тэлефона на чужы. Гэта было неверагодна — той жа голас, тая ж упэўненасць, тая ж любоў.

Ён сказаў: "Нас спрабуюць вывезці, але я гэтага ім не дазволю, я вяртаюся ў Беларусь".

На жаль, мы змаглі пагаварыць вельмі коратка. Побач з ім, са слоў тых, хто знаходзіўся ў аўтобусе, стаялі двое гэбістаў — яны граматна стаялі, на камеры назірання не патрапілі. Іх не відаць.

— Вы не прасілі яго хаця б дзеля бяспекі гэтым разам пагадзіцца і з'ехаць?

— Не. Я толькі прасіла, каб ён мяне дачакаўся на мяжы. Я хацела яго абняць. Я гатовая была заставацца з ім на нейтральнай паласе столькі, колькі спатрэбілася б, хоць усё жыццё. Але не паспела. Я разумела, што ён не будзе мяне чакаць. Гэта было б занадта невыносна. Потым я ідэнтыфікавала гэтае месца, дзе Мікалай знаходзіўся: шлагбаўм, побач будка і перад шлагбаўмам бетонны адбойнік. Метр плошчы.

"Бессмысленная затея": жена Статкевича о попытке выдворить политика за границу
Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы / Скрын з камеры відэаназірання Дзяржпагранкамітэта

— І з таго моманту, калі ён вам патэлефанаваў, не было ніякіх вестак? Можа, нейкія неафіцыйныя "сігналы"?

— Ну што вы. Я ўвогуле здзіўляюся, як яны такі пракол здзейснілі: паспрабаваць вывезці Мікалая, улічваючы характарыстыкі яго асобы, — зусім бессэнсоўная задума. Не толькі для мяне, але і для іх павінна было быць відавочна, што вывезці яго не атрымаецца. Калі пачаліся дэпартацыі пад выглядам вызвалення, асабліва пасля ўгоды з вывазам Сяргея Ціханоўскага, я больш за ўсё баялася, што з Мікалаем паспрабуюць паступіць гэтак жа: ведала дакладна, як ён сябе павядзе. І яшчэ ён мне паспеў па тэлефоне сказаць: "Яны вывозяць патрыётаў. Што будзе з краінай?" Яны ж сапраўды ўсю "старую гвардыю" сабралі на ноч перад дэпартацыяй у адной камеры СІЗА КДБ. Хлопцы, якія правялі ноч у гэтай камеры, казалі мне потым, што Мікалай адразу сказаў: "Я нікуды не паеду".

— Колькі часу доўжылася інкамунікада Мікалая? Ці можаце падлічыць час ад апошняга званка з калоніі да званка з нейтральнай паласы?

— У нас не было званкоў з калоніі нават да поўнай ізаляцыі. Быў адзіны званок у 2022 годзе — гэта ў іх па крымінальна-выканаўчым кодэксе называецца выключнымі абставінамі: "Смерць або цяжкае захворванне блізкага сваяка, якое пагражае яго жыццю". Спатканняў у калоніі ў нас не было наогул ні разу за тры гады і амаль тры месяцы, якія ён правёў у Глыбокім, — гэта адзіная ў Беларусі калонія асаблівага рэжыму. Апошні раз я яго бачыла на кароткатэрміновым спатканні, якое нам далі пасля апеляцыі, 1 чэрвеня 2022 года. З тых часоў я Мікалая не бачыла і не чула. А поўнае інкамунікада пачалося 9 лютага 2023 года і працягвалася два гады, сем месяцаў і два дні — да званка з мяжы. З Мікалая ўсё пачалося, потым у поўнай ізаляцыі апынуліся і іншыя палітвязні — увогуле, распаўсюджванне перадавога вопыту.

— І як вы трымаліся гэтыя два гады сем месяцаў і два дні, калі ніхто не ведаў, ці жывы Мікалай наогул?

— Я ведала, што ён жывы. Паміж намі заўсёды ёсць сувязь — не ведаю, як гэта растлумачыць. Праз Бога, напэўна. Я заўсёды адчуваю, калі яму дрэнна, а калі добра. І я ўвесь гэты час проста разумела, што ён жывы. Дарэчы, хлопцы, якія сядзелі з ім у тую апошнюю ноч у камеры СІЗА КДБ, сказалі, што ён падчас адседкі перанёс інфаркт. І я ўспомніла, як аднойчы мне стала невыносна дрэнна. Я проста каталася па падлозе і выла. І нядзельным вечарам рванула шукаць яго па турэмных бальніцах. Гэта было ў красавіку. Думаю, менавіта тады ў яго і быў інфаркт.

— Вы меркавалі, што ён можа проста выскачыць з аўтобуса?

— Безумоўна. Па-першае, ён абяцаў людзям. Па-другое, для яго Беларусь — вышэйшая каштоўнасць. Па-трэцяе, для яго гэта азначала б здрадзіць самому сабе. І ўрэшце ён мусіў зламаць гэтую гульню.

"Бессмысленная затея": жена Статкевича о попытке выдворить политика за границу
Мікалай Статкевіч / Фэйсбук Марыны Адамовіч

— Паплечнік Мікалая Яўген Вільскі, які прыязджаў у той дзень на мяжу і спрабаваў яго ўгаварыць паехаць у Літву, казаў, што Мікалай адказаў: "Лукашэнка не будзе распараджацца маім жыццём".

— Не зусім дакладна. Ён казаў, што Лукашэнка ніколі не будзе вырашаць, дзе яму, Мікалаю Статкевічу, жыць. Яго жыццём Лукашэнка як раз можа распарадзіцца, але не свабодай, выбарам, каштоўнасцямі.

Для Мікалая застацца сабой заўсёды было важней, чым знаходзіцца ў бяспецы і на волі. Ён заўсёды казаў: "Нашы каштоўнасці каштуюць роўна столькі, колькі мы гатовыя за іх заплаціць". Я за апошнія дні прачытала столькі ўсякага пра выбар Мікалая, што каментаваць магу толькі матам: пра тое, што "чаго ён там даможацца, застаўся б на волі ў Літве і мог бы прынесці больш карысці". Ага, паўмільёна тых, хто з'ехаў, прынеслі такую карысць Беларусі, што на Марсе будуць яблыні квітнець пры такой актыўнасці.

— Колькі агулам Мікалай адседзеў?

— Практычна 12 гадоў. Гэтым разам ён правёў за кратамі пяць гадоў тры месяцы і 12 дзён. І не проста за кратамі, а ў адзіночнай камеры. У мінулы раз — чатыры гады восем месяцаў і тры дні. Плюс два гады "хіміі", плюс СІЗА пасля Маршу свабоды ў 1999 годзе. А адміністрацыйныя суткі нават падлічыць немагчыма. Для мяне гэта вельмі балюча, калі нядбайна падаюць інфармацыю пра яго. Вось чытаю: "Пасля выбараў 2010 года Мікалай Статкевіч адседзеў больш за чатыры гады". Што значыць "больш за чатыры"? А давайце вы адседзіце гэтыя восем месяцаў і тры дні, якія пазначылі невыразным словам "больш", і зразумееце, што гэта значыць.

— Цяпер, калі вы падавалі заяву ў міліцыю аб знікненні Мікалая, вам не спрабавалі перашкаджаць?

— Не, заяву яны прынялі. Праўда, гэта было вельмі доўга, пратрымалі мяне тры гадзіны нядзельным вечарам. І пакуль я сядзела, назірала: там цяпер усе такія маладыя-зялёныя, што проста страшна.

— Якой рэакцыі вы чакаеце?

— Калі яны два гады і сем месяцаў маглі трымаць майго мужа ў поўнай ізаляцыі, то што можа прымусіць мяне думаць, быццам цяпер мне раптам патэлефануюць і скажуць што-небудзь? Я буду шукаць яго ўсімі магчымымі спосабамі. Я вельмі спадзяюся, што ўгоду з амерыканцамі, у рамках якой палітзэкаў вывезлі з турмаў, рэжыму скасаваць ужо не захочацца. І гэта ўсяляе надзею, што Мікалай жывы і вернецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.