Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы — ГУР Украіны
Падчас размовы Буданава і Капусціна / ГУР Украіны
Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін жывы. Раней паведамлялася пра яго гібель.
Прэс-служба Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Украіны паказала Капусціна ў роліку з кіраўніком ГУР Кірылам Буданавым.
Забойства Капусціна замовілі расійскія спецслужбы і вылучылі на гэта паўмільёна долараў. Контраперацыя, якую праводзілі ўкраінскія разведчыкі, працягвалася каля месяца.
"Нашым бокам таксама была атрыманая адпаведная сума сродкаў, выдзеленая расійскімі спецслужбамі для рэалізацыі гэтага злачынства. Па стане на цяпер, камандзір РДК знаходзіцца на тэрыторыі Украіны і рыхтуецца працягнуць выкананне пастаўленых задач", — далажыў Буданаву камандзір "спецпадраздзялення Цімура".
Сам Капусцін заявіў, што гатовы працягваць выкананне баявых і спецыяльных задач на чале падраздзялення: "Часовая мая адсутнасць не паўплывала на якасць і поспех рэалізацыі баявых задач".
Паведамляецца, што грошы, атрыманыя ад расійскіх спецслужбаў, пойдуць на ўмацаванне падраздзяленняў ГУР.
Звесткі пра гібель Капусціна з'явіліся некалькі дзён таму. Капусцін камандуе Рускім добраахвотніцкім корпусам, які абараняе Украіну і змагаецца супраць расійскіх акупантаў.