“У свабодны ад слёз час”: як валанцёры робяць свята для палітвязняў
Падарункі жанчынам-палітвязынкам / Euroradio
Панядзелак. У партэры гатэля на ўскрайку Варшавы людна. Калі ўважліва прыглядзецца — адбываецца нешта не зусім звычайнае. Валанцёркі і былыя беларускія палітвязні абмяркоўваюць план на дзень. Кагосьці з іх ужо прама на месцы чакае масажыст, іншыя вось-вось раз’едуцца — хто ў цырульню, хто вырашаць пытанні дакументаў ці падавацца на абарону. У холе паставілі прынтар, каб на месцы друкаваць патрэбныя паперы.
З першага дня прыезду ў Польшчу каля 80 палітвязняў трапілі пад апеку валанцёраў і валанцёрак арганізацыі “Вольныя” і іншых добраахвотнікаў. Яны забяспечваюць вывезеных 13 снежня людзей жытлом, прадуктамі, адзежай, дапамагаюць з дакументамі, водзяць на медычныя і касметалагічныя працэдуры.
Сярод валанцёрак — былая палітзняволеная Марыя Бабовіч, якую судзілі ў 2020 годзе за надпіс “Не забудзем” на ст. м. "Пушкінская" ў Мінску . Пасля прысуду дзяўчына пакінула Беларусь.
— У 2020-м салідарнасць была мацнейшай і большай. Але і цяпер ідзе добрая праца. Зноў жа ты не можаш быць падрыхтаванай да ўсяго. Так, мы перыядычна закрываем патрэбы [вязняў], але я бачу, што трэба яшчэ болей. Мяркую, што калі будуць наступным разам прыязджаць людзі, то будзе лепш.
Цяпер я назіраю, што людзі ўсім вельмі задаволеныя. Мяркую, што гэта класна, калі людзей так апякаюць. Мы бачылі іх у першы дзень і цяпер. Хтосьці хутка сацыялізуецца, а камусьці спатрэбіцца больш часу.
Марыя кажа, што самае складанае ў цяперашняй працы — гэта самі людзі. Для іх трэба не толькі выбудаваць лагістыку і вырашыць надзённыя пытанні, але і падтрымаць маральна.
— Мне падаецца, што кожная задача складаная, бо яны [палітвязні] самі яшчэ разбіраюцца. Яны знаходзяцца ў цяжкім стане.
Цуд на Каляды
25 снежня, пакуль палякі ды мясцовыя ў Варшаве беларусы сядзяць па хатах і святкуюць Каляды, валанцёркі і валанцёры дораць гэтае свята тым, хто апынуўся далёка ад дома і блізкіх.
Імпрэзу прымае Беларускі дом у Варшаве. Вялікую прастору запаўняюць нетыповае для сезона сонечнае святло і калядныя хіты. Літаральна пад партрэтамі тых, каго яшчэ беларусы чакаюць на волі, стаяць сталы з гасцінцамі і пітвом.
Вязні п’юць святочнае прасэка і падымаюць тосты. Амаль 50 чалавек фоткаюцца, гутараць, нехта спакойна сядзіць асобна.
“Занадта доўга адвыкаў”, — кажа хлопец, які збоку назірае за тым, што адбываецца.
Дапамогу валанцёраў ён называе неапісальнай.
“Хочацца пастаянна дзякаваць, але словаў нібы не хапае”.
Наш суразмоўца прызнаецца, што пакуль яму цяжка прызвычаіцца да волі і да таго, што “ніхто не кідаецца на цябе”. Але кажа, што аднойчы ўжо нават пагуляў па Варшаве.
“Ты нібыта радуешся, але ёсць тыя, каму гадоў 15 сядзець… Я б свае два гады і дасядзеў”, — кажа ён.
“Мне сказалі, што яны будуць чакаць на ўваходзе. Я думала: "Як жа іх пазнаю?", а прыходжу — стаяць усе паголеныя, і ўсё адразу зразумела”, — усміхаецца адна з валанцёрак.
“Трэба ў розных краях пабываць, як тут”
Фішка святочнай падзеі ў Беларускім доме — чытанне вершаў, напісаных за кратамі. Пакуль усе рассаджваюцца ў крэслы, вязень-музыка найгравае на гітары House of the rising sun і кажа іншаму: “Ведаеш, гэтая ж песня таксама пра зэкаў”.
Вітае прысутных кіраўнік установы Алесь Зарэмбюк:
— Калі будзе цяжка, калі будзе цягнуць дахаты — мы ўсе прайшлі праз гэты этап эміграцыі — з уласнага досведу скажу, што хацелася проста легчы на зямлю і рыдаць. Але трэба гэта адключаць, гэта тое, чаго мы зараз не можам зрабіць. Але мы можам разам быць, жыць, будаваць і адзін аднаго падтрымліваць.
Сваімі творамі дзеліцца літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. Усе ягоныя рукапісы адабралі ў калоніі, але гэтыя вершы атрымалася выслаць раней у лістах да жонкі. І напярэдадні ён іх надрукаваў.
“Такім чынам атрымалася мая першая кніжка пасля вызвалення”, — жартуе Фядута.
Пасля яго выступае палітвязень-музыка. Расказвае, што ў ШІЗА пераклаў 157 песень. Выконвае некаторыя з іх, у тым ліку вядомыя “Простыя словы” і “Тры чарапахі”, але з рэмаркай.
“Каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць, як тут”.
Свае вершы чытаюць і іншыя палітвязні. Як і Фядута, яны пераслалі іх у лістах да родных альбо запомнілі, напісаўшы ў турме.
З калоніі пад абстрэлы
“Трохкутнік ад сукенкі застаецца — глядзіце. Ён не змываецца. Калі што, будзем казаць, што гэта загар пасля адпачынку”, — так дзяўчаты жартуюць пра след на скуры, які пакідае жаночая вопратка з калоніі, і наперабой распавядаюць, як было ў Чарнігаве, калі іх туды вывезлі.
29 жанчын абудзілі ў гадзіну ночы, на мяжу завезлі толькі а 10-й раніцы. Увесь гэты час яны былі ў каранціне і мусілі пры ўсіх распранацца для агляду. Потым сем гадзін з “шапачкай на вачах” — і сустрэча на ўкраінскай мяжы.
“Калі прывялі Марыну Золатаву, мы зразумелі, што ў краіне не застанемся”, — кажа жанчына, якая марыла патрапіць на ранішнік да свайго дзіцяці.
Ужо ва Украіне ім раздалі пакеты са здаровай ежай, дзе былі, напрыклад, ёгурты і…. бананы! Гэтую садавіну яны елі ўпершыню за доўгія гады адсідкі. “Накінуліся, як дзеці на ранішніку”, — смяецца палітвязынка.
“Вы таксама нашыя гераіні”, — дзякуюць вязынкі.
Яшчэ адна беларуска з Варшавы, якая тут жыве з 2020 года, выгружае рэчы для жанчын: адзежу, абутак, нават упрыгожванні і пробнікі парфумы. “Жданы”, — жартаўліва называе ўсё, што адбываецца, адна з валанцёрак.
Нехта прымярае абутак, нехта саромеецца выбіраць сабе рэчы, і дзяўчаты самі прапануюць варыянты. Сярод іншага ёсць і бялізна. Валанцёрка дастае яскрава-ружовы станік, і жанчыны пачынаюць смяяцца, а мужчына-вязень няёмка адводзіць вочы.
Палітвязні могуць жыць у гатэлі яшчэ месяц і за гэты час шукаць сабе жытло. Частка людзей ужо паехала ў іншыя гарады ці краіны, або перасялілася ў шэлтары.
Цяпер за кожным вязнем і кожнай вязынкай замацаваныя персанальныя ментары і ментаркі. Не ўсе пытанні вырашаюцца хутка, як хацелася б, але, як кажа Марыя, валанцёры працягваюць збіраць неабходныя для былых палітзняволеных рэчы і апекавацца імі, пакуль “яны не прыдуць у сябе”.