"Болей любяць рускія". Ад Ціханоўскага сышоў прэс-сакратар
Сяргей Бяспалаў пакінуў каманду Сяргея Ціханоўскага і распавёў сваю версію таго, што адбываецца ўнутры каманды / Белсат
Прэс-сакратар Сяргея Ціханоўскага Сяргей Бяспалаў выйшаў са складу каманды блогера і экс-палітвязня і на сваёй старонцы ў Facebook расказаў шмат даволі скандальных падрабязнасцей пра стыль працы Ціханоўскага.
Таксама ён паведаміў пра тое, калі прагучалі першыя трывожныя званочкі, а таксама пра ролю Вадзіма Пракоп`ева, з якім Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў ЗША.
Еўрарадыё сцісла пераказвае эмацыйны пост Сяргея Бяспалава, захаваўшы стыль і арфаграфію аўтара.
“Калі Сяргей выйшаў на волю, я шчыра радаваўся. Першае інтэрв’ю, першая канферэнцыя зрабілі на мяне моцнае ўражанне і стварылі вобраз прыстойнага чалавека, у якім ёсць вялікі патэнцыял. Мне хацелася дапамагаць.
Праз Аляксандра Кабанава я прапанаваў сваю дапамогу абсалютна бясплатна. Дамовіўcя з Беларускім домам у Варшаве, каб арганізаваць Сяргею сустрэчу з блогерамі і СМІ.
Ужо там загучалі першыя трывожныя званочкі: раздзьмутае эга, самалюбаванне, крыўды на медыя, размовы пра тое, што трэба стварыць спецыяльную групу, дзе ўсе будуць бясспрэчна публікаваць толькі тое, што скажа Сяргей. Тады я спісаў гэта на наступствы пяці гадоў турмы: чалавек толькі выйшаў, яму патрэбен час — адыдзе, асэнсуе, перабудаваецца.
На гэтай жа сустрэчы было вырашана зрабіць мяне прэс-сакратаром. Гэтае рашэнне прыняў сам Сяргей. Я не прасіўся — першапачаткова хацеў толькі дапамагчы з арганізацыяй мерапрыемства і ўвогуле падтрымліваць яго працу. Я бачыў у Сяргеі вялікі патэнцыял і думаў, што ён зможа стаць “трэцяй сілай”, якая аб’яднае людзей. Але, на жаль, гэтага не адбылося.
Чым даўжэй я заставаўся побач, тым больш бачыў, як ён размаўляе з людзьмі ў камандзе. Гэта стала маім першым вялікім расчараваннем. Сяргей не ўмее працаваць з людзьмі.
Аператар не вытрымаў і двух тыдняў працы. Першы памочнік пратрымаўся прыблізна столькі ж. Другі аператар — менш за месяц. Ахоўнік вытрымаў даўжэй за ўсіх — каля двух месяцаў. Каманда збіралася і распадалася з той жа хуткасцю, з якой стваралася. Хамская паводзіны Сяргея раздражняла амаль усіх.
Яшчэ ў самым пачатку я проста сказаў:
“Я тут, пакуль мы ваюем з агульным ворагам, а не адзін з адным. Як толькі пачнем ваяваць паміж сабой — я сыходжу”. Мне здавалася, Сяргей пачуў мяне тады.
Мы доўга спрачаемся і лаемся, і я разумею, што пераканаць яго немагчыма. Для яго добры толькі адзін чалавек — Вадзім Пракоп’еў, і толькі яго словы — ісціна.
Пакуль Вадзім плаціць і хваліць — ён для яго галоўны сябар. Калі гэта спыніцца — стане “мярзотнікам”, як і ўсе астатнія, хто ўжо прайшоў гэты шлях: з сяброў у ворагі. Забаўна і страшна, што Сяргей нават не адмаўляе такі сцэнар.
Бяспалаў згадвае эпізод у ЗША, калі на сустрэчу з ім прыйшлі расіяне.
“Самае выступленне прайшло знешне нядрэнна, хоць я так і не зразумеў, каго ў зале было больш — беларусаў ці расіян. Адзін з расіян увогуле прапанаваў: калі беларусы “недастаткова ўдзячныя” Сяргею за ўсё, што ён робіць, можа, яму варта пачаць адстойваць іх інтарэсы ў ЗША.
Пасля сустрэчы, у размове з арганізатарамі, я даведаўся, што Сяргей быў незадаволены сумай сабраных ахвяраванняў і сказаў, што яго “болей любяць рускія”, таму што яны болей данацяць і даюць грошай. Гэта выклікала ў мяне іспанскі сорам.
Але самае сорамнае і балючае здарылася на наступны дзень.
Спачатку мне патэлефанаваў Вадзім Пракоп’еў і сказаў, што мы, як каманда Сяргея, павінны яго абараняць, і я абавязаны запосціць той самы тэкст. Потым пачаў тэлефанаваць сам Сяргей і фактычна шантажаваць: калі я не публікую гэты пост, ён анулюе мае білеты назад. Ён ставіў ультыматумы — то гадзіна, то дзве часу, пагражаў, пераходзіў на мат і абразы, якіх я, шчыра кажучы, даўно не чуў у такой канцэнтрацыі.
У пэўны момант я проста сказаў яму, куды ён можа засунуць гэтыя білеты, і ў той жа дзень купіў сабе зваротны білет з Лос-Анджэлеса ў Варшаву за свой кошт.
Сітуацыя надзвычай непрыемная і брудная. Пасля такога шантажу і спробаў выкарыстаць мяне як інструмент для асабістых разборкаў няма ніякага жадання працягваць хоць нейкае супрацоўніцтва з Сяргеем”.