Прэзідэнты і рок-зоркі. Каго знайшлі ў новых дакументах па справе Эпштэйна

Біл Клінтан у джакузі

Біл Клінтан у джакузі / US Department of Justice

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала першую частку дакументаў па справе Джэфры Эпштэйна. Іх публікацыі чакалі пасля прыняцця Кангрэсам закона, які патрабуе абнародаваць увесь масіў файлаў не пазней за пятніцу, паведамляе BBC.

Сярод гэтых дакументаў апынуліся, у тым ліку, фотаздымкі шэрагу вядомых асобаў, уключаючы былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, які ляжыць у джакузі і плавае ў басейне, былога прынца Эндру Маунтбэтэна-Віндзара, а таксама музыкаў Міка Джагера і Майкла Джэксана.

Згадванне або выявы ў гэтых дакументах не з’яўляюцца доказам супрацьпраўных дзеянняў. Многія з тых, чые імёны фігуравалі ў папярэдніх публікацыях, звязаных з Эпштэйнам, адмаўлялі сваю датычнасць да якіх-небудзь злачынстваў.

Раней фінансіста Джафры Эпштэйна абвінавачвалі ў гандлі людзьмі з мэтай іх сексуалізаванай эксплуатацыі. Паводле версіі следства, бізнэсовец атрымліваў сексуальныя паслугі ад непаўналетніх дзяўчат і "пазычаў" іх уплывовым людзям, нагадвае "Медуза".

Упершыню Эпштэйн быў асуджаны ў 2008 годзе па справе аб арганізацыі прастытуцыі. Тады ён пайшоў на здзелку са следствам і ў выніку правёў у турме 13 месяцаў. Другі раз яго затрымалі ў ліпені 2019 года па абвінавачанні ў гандлі людзьмі. Неўзабаве пасля гэтага Эпштэйн скончыў жыццё самагубствам у турэмнай камеры ў Нью-Ёрку.

Што да персаналіяў, прэс-сакратар Біла Клінтана Анхель Урэнья пракаментаваў фотаздымкі, заявіўшы, што ахвяры сэксуалізаванага гвалту ніколі не абвінавачвалі былога прэзідэнта ні ў чым, а сам ён адмаўляе, што ведаў пра злачынствы.

Президенты и рок-звёзды. Кого нашли в новых документах из дела Эпштейна
Майкл Джэксан, Біл Клінтан, Дайан Рос і яшчэ тры чалавекі, чые твары закрытыя чорнымі квадратамі

— Яны могуць публікаваць колькі заўгодна зярністых фотаздымкаў дваццацігадовай даўніны, але гэтая гісторыя не пра Біла Клінтана. Ніколі не была і ніколі не будзе, — напісаў яго прэс-сакратар Анхель Урэнья.

Таксама ён дадаў, што ў файлах ёсць два тыпы людзей: тыя, хто нічога не ведаў і спыніў зносіны з Эпштэйнам да таго, як яго злачынствы сталі вядомыя, і тыя, хто працягваў адносіны з ім пасля гэтага.

— Мы адносімся да першай групы. Ніякія спробы з боку людзей з другой групы гэтага не зменяць. Усе, асабліва MAGA, чакаюць адказаў, а не казлоў адпушчэння, — дадаў Урэнья.

 

Дональд Трамп

Дзеючы прэзідэнт ЗША згадваецца ў апублікаванай частцы файлаў.

Паводле судовых дакументаў, абнародаваных Міністэрствам юстыцыі ЗША, Эпштэйн нібыта пазнаёміў Трампа з 14-гадовай дзяўчынкай у яго рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Фларыдзе. Падчас меркаванай сустрэчы ў 1990-я гады Эпштэйн штурхнуў Трампа локцем і "гулліва спытаў", паказваючы на дзяўчынку: "Прыгажуня, праўда?"

Як сцвярджаецца ў іску, пададзеным у 2020 годзе супраць Эпштэйна і яго памочніцы Гіслэйн Максвэл, Трамп у адказ усміхнуўся і кіўнуў у знак згоды.

У дакуменце гаворыцца, што "яны абодва захіхікалі", а дзяўчынка адчула сябе няёмка, "хоць і была занадта юная, каб зразумець прычыну".

Президенты и рок-звёзды. Кого нашли в новых документах из дела Эпштейна
Джэфры Эпштэйн і Дональд Трамп у 1997 годзе

Пацярпелая сцвярджае, што на працягу многіх гадоў падвяргалася грумінгу і гвалту з боку Эпштэйна.

Абвінавачанняў супраць Трампа ў судовых матэрыялах яна не вылучае.

Гэты эпізод — адно з нешматлікіх згадванняў прэзідэнта ў тысячах файлаў, апублікаваных у пятніцу. Ён прысутнічае на некалькіх фотаздымках, але яго ўдзел мінімальны.

Раней прэзідэнт ЗША заяўляў, што на працягу многіх гадоў сябраваў з Эпштэйнам, але прыкладна ў 2004 годзе яны пасварыліся — за некалькі гадоў да першага арышту фінансіста.

Трамп паслядоўна адмаўляе любую датычнасць да злачынстваў, звязаных з Эпштэйнам.

 

Гэта яшчэ не ўсё

Публікацыя дакументаў па справе Эпштэйна не завершаная. Намеснік генеральнага пракурора Тод Бланш заявіў, што "некалькі сотняў тысяч" старонак усё яшчэ праходзяць праверку і пакуль не абнародаваныя.

Ён растлумачыў, што кожную старонку старанна правяраюць, каб "кожная ахвяра — яе імя, асоба, гісторыя, у той меры, у якой гэта неабходна, — была цалкам абароненая", і гэты працэс патрабуе часу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.