Ціханоўскі расказаў пра відэаразмову з дарадцамі Святланы Ціханоўскай
Сяргей Ціханоўскі / Краіна для жыцця
Увечары 30 лістапада Сяргей Ціханоўскі правёў відэаразмову з дарадцамі лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай — Дзянісам Кучынскім і Франакам Вячоркам. Пра гэта ён расказаў у роліку, які зранку 1 снежня апублікаваў у сваім YouTube-канале.
Паводле Ціханоўскага, гаворка ішла пра сітуацыі з прэміяй Магніцкага, якую яму прысудзілі. Як паведамлялася раней, Ціханоўскі не прыехаў на ўручэнне, бо не меў брытанскай візы. У гэтых арганізацыйных накладках ён вінаваціў Офіс. У сваю чаргу прадстаўнікі Офіса заяўлялі, быццам палітык сам праігнараваў нагадванні пра афармленне візы.
"Прыйшлі да высновы, што Офіс не апавясціў мяне аб атрыманні прэміі, бо сітуацыя некалькі разоў змянялася, і не аказаў садзейнічанне ў атрыманні брытанскай візы. Хлопцы прынеслі свае прабачэнні, і інцыдэнт цалкам вычарпаны. Прэтэнзій да Офіса ў мяне няма", — падсумаваў Ціханоўскі вынікі размовы, якая адбылася 30 лістапада.
Ён дадаў, што цяпер знаходзіцца з сям'ёй у Літве: "Я кахаю сваю жонку і бясконца ўдзячны ёй за ўсё, што яна зрабіла мне асабіста, і для Беларусі. Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця. Жыве Беларусь!"
Нагадаем, увечары 29 лістапада прэс-сакратар Ціханоўскага Сяргей Бяспалаў абвясціў, што пакідае пасаду. Ён патлумачыў свой учынак тым, што расчараваўся ў Ціханоўскім і яго адносінах да ўдзельнікаў каманды. Акрамя таго Бяспалаў заявіў пра ціск і шантаж з боку Ціханоўскага.