Латвія паабяцала падтрымаць Літву, калі сітуацыя з метэазондамі не зменіцца
Метэазонд / VSAT
Латвія і Эстонія паабяцалі аказаць падтрымку Літве, калі вырашыць сітуацыю з метэазондамі дыпламатычным шляхам не ўдасца, вынікае са слоў прэм’ер-міністра Літвы Інгі Ругінене.
"Палякі ўжо праявілі салідарнасць з намі і не адкрылі мяжу, хоць гэта было запланавана яшчэ тыдзень таму. <…> Такія ж запэўніванні я атрымала ад прэм’ер-міністрaў Латвіі і Эстоніі. Калі <…> беларускі рэжым будзе працягваць нападаць на нас, яны таксама гатовыя праявіць салідарнасць", — цытуе літоўскага прэм’ера агенцтва BNS.
У канцы кастрычніка запушчаныя з тэрыторыі Беларусі метэазонды, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі кантрабандных цыгарэт, сталі прычынай закрыцця некалькіх аэрапортаў у Літве. Урад закрыў мяжу з Беларуссю на месяц, дазволіўшы перасякаць яе толькі некалькім катэгорыям грамадзян. Гэтае рашэнне дзейнічае да 30 лістапада. У знак салідарнасці з Літвой Польшча адклала адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.