Аэраразведчык: метэазонд можна збіць дронам, але небяспечна

Дрон

Дрон / unsplash

Міністэрства эканомікі Літвы паабяцала мільён еўра кампаніям, якія прыдумаюць, як змагацца з метэазондамі. Але беларускі аэраразведчык Крот пагадзіўся даць некалькі парадаў цалкам бясплатна.

— Гэтыя зонды цалкам рэальна збіваць дронамі. Напрыклад, дрону-перахопніку не складана падляцець да такога аб'екту і проста ударыць па шарыку сваім вінтом. Шарык разарвецца, і груз ўпадзе.

Я мог бы збіць такі шар. Пытанне ў тым, ці захочуць улады Літвы паступаць менавіта так. Такі падыход нясе пэўную пагрозу, бо мы не ведаем напэўна, які менавіта груз прымацаваны да балона, — кажа Крот.

 

Давайце з пачатку: што такое метеэазонд?

Раней пра метэазонды ведалі толькі метэаролагі і кантрабандысты. Але праз нашэсце аб'ектаў, падобных на метэазонды, Літва спачатку ўвесь тыдзень закрывала свой аэрапорт, а потым закрыла мяжу з Беларуссю. Так што цяпер мы ўсе ведаем пра метэазонды. Так што гэта?

Белы шар, які вы бачылі на фотаздымках літоўскіх памежнікаў — гэта не ўвесь метэазонд, а толькі яго частка. Латэксны або поліўрэтанавы балон напаўняюць геліем або вадародам, а пад ім мацуюць невялікую скрыначку. Гэтая скрыначка — радыёзонд. Звычайна ў ім ўстаноўлены датчыкі для маніторынгу надвор'я. І вось уся гэтая канструкцыя і называецца метэазондам.

Аэроразведчик: метеозонд можно сбить дроном, но опасно
Метэазонд / VSAT

Але чаму літоўскі памежнік не можа заўважыць зонд да таго, як той прызямліцца?

— Шары падымаюцца звычайна на 300-1000 метраў, дзе іх цяжка заўважыць візуальна. Часта — у воблачнае надвор'е, каб ні радары, ні візуальныя назіральнікі яго не ўбачылі. Каб ён прызямліўся ў патрэбнай лакацыі могуць выкарыстоўваць таймер або тэрмаклапан, тады шар сам спусціцца прыкладна праз гадзіну-дзве.

Як своечасова заўважыць такі "шарык" у сваім паветранай прасторы? Звычайныя радыёлакацыйныя станцыі без спецыяльных рэжымаў гэтага зрабіць не змогуць. Але можна выкарыстоўваць малагабарытныя радары, прыстасаваныя пад распазнаванне невялікіх аб'ектаў. Такія радары бачаць аб'екты невялікіх памераў на адлегласці да 2 км.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.