ЕС падтрымаў Літву ў сітуацыі з метэазондамі з Беларусі
На беларуска-літоўскай мяжы / LRT
Рашэнне афіцыйнай Вільні закрыць мяжу з Беларуссю ў адказ на пастаянныя парушэнні паветранай прасторы было падтрыманае кіраўніцтвам Еўрапейскага Саюза.
У заяве літоўскага МЗС масавыя атакі метэазондаў з тэрыторыі Беларусі былі расцэненыя як гібрыдная атака.
Кіраўнік Еўрасавета Антоніу Кошта заявіў, што такія гібрыдныя дзеянні павінны спыніцца: "Поўная салідарнасць з народам Літвы ў сувязі з упартымі і правакацыйнымі дзеяннямі Беларусі супраць ЕС і яго дзяржаў-чальцоў. Гэтыя гібрыдныя дзеянні павінны спыніцца, а Беларусь павінна прадухіліць далейшыя інцыдэнты. ЕС працягне аказваць ціск на рэжым за яго саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны і будзе падтрымліваць абарону ўсходняй мяжы ЕС".
Таксама салідарнасць з Літвой выказала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен: "Еўропа выказвае поўную салідарнасць з Літвой у сувязі з парушэннямі яе паветранай прасторы геліевымі шарамі з кантрабандай. (...) Мы не будзем гэта трываць".
У каментары выданню Politico міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заклікаў пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, спасылаючыся на гэтыя гібрыдныя атакі як адну з прычын. "Трэба сінхранізаваць санкцыі супраць Расіі і Беларусі, і ёсць некаторыя сектаральныя абмежаванні, па якіх мы пакуль не дасягнулі згоды, напрыклад, авіяцыя", — удакладніў ён. Таксама ён заклікаў ЕС да ўвядзення пошлін на беларускія тавары.
На працягу мінулага тыдня з тэрыторыі Беларусі ў Літву чатыры разы адбываўся масавы запуск метэазондаў. Звычайна іх выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэтаў. У выніку такой паветранай атакі Літва была вымушаная спыняць працу Віленскага аэрапорта. Пасля чарговага інцыдэнту 26 кастрычніка літоўскія ўлады вырашылі перакрыць мяжу з Беларуссю да асобнага распараджэння ўрада. Рашэнне чакаецца 29 кастрычніка.