Чаму Літва не можа закрыць транзіт для расійскіх грузаў?

Цягнік, фота ілюстрацыйнае

Цягнік, фота ілюстрацыйнае / pixabay.com

Расія можа спадзявацца, што праз наплыў метэазондаў у сваім небе Літва "сарвецца" і перакрые транзіт у Калінінград, мяркуе гісторык і палітычная аглядальніца Роза Турарбекава.

"А гэта ўжо іншы ўзровень крызісу", — кажа экспертка ў эфіры Еўрарадыё.

Але чаму насамрэч Літва можа закрыць мяжу для беларусаў і для беларускіх тавараў, але транзіт у Калінінградскую вобласць дапускае? На мінулым тыдні два расійскія знішчальнікі з боку Калінінградскай вобласці парушылі паветраную прастору Літвы.

Вільнюс падняў знішчальнікі паветранай паліцыі НАТА, але абмежаваўся асуджэннем дзеянняў Расіі.

У 2022 годзе Літва ўжо спрабавала перакрыць транзіт для шэрагу санкцыйных тавараў па чыгунцы ў Калінінград і з Калінінграда. Кіраўнік Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў прыгразіў "сур'ёзна негатыўна" паўплываць "на насельніцтва Літвы".

У выніку Еўразвяз сказаў, што санкцыі ўводзіў толькі ў дачыненні да аўтамабільнага, а не чыгуначнага транспарту, і папрасіў Вільню аднавіць транзіт бетону, драўніны і спірту ў Калінінград. Літоўскія чыгункі паслухаліся і знялі блакаду.

"Літва можа перакрыць усе грузапатокі, але не транзіт. Транзіт застанецца для ўсіх цягнікоў — як грузавых, так і пасажырскіх. А ў палякаў не было ніякіх абавязацельстваў па транзіце ў Калінінградскую вобласць", — кажа стваральнік Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі Сяргей Вайцяховіч.

Прыцягнуць Кітай для вырашэння праблем на беларуска-літоўскай мяжы, як гэта было ў выпадку з беларуска-польскай мяжой, таксама не выйдзе. Кітайскія грузы едуць праз польскія пункты пропуску. А па чыгунцы ў Літву ў асноўным адпраўляюць рапсавы алей і кармавы шрот — для экспарту па моры ў трэція краіны. Так што прыцягнуць іншых буйных гульцоў, якія дапамаглі б адкрыць мяжу, не выйдзе.

"Зрабіць як у Польшчы не атрымаецца", — рэзюмуе Вайцяховіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.