“Не праскочыў”. Рэакцыі людзей на закрыццё мяжы з Літвой
Літоўскі памежнік на мяжы Літвы і Беларусі / State Border Guard Service (Lithuania)
Літоўскі ўрад да 29 кастрычніка перакрыў літоўска-беларускае памежжа. Гэта адказ на шматлікія запускі зондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з тэрыторыі Беларусі.
Для беларускіх вандроўнікаў навіна апынулася нечаканай. Еўрарадыё сабрала рэакцыі і меркаванні людзей.
“Хутка прыляціць магічны выспятак з Кітая”
Рашэнне ўрада Літвы застала беларускага прадзюсара і рэжысёра Уладзіміра Бокуна на маршруце Літва – Польшча. Сваёй гісторыяй беларус падзяліўся ў фэйсбуку.
“Не праскочыў… учора (у нядзелю) хацеў праз Вільню паляцець у Кракаў. Пачыналася ўсё добра, даехалі да Вільні хутка, але ўвечары закрылі аэрапорт і адмянілі рэйс на Кракаў”.
— Джыпсінкоў (@gypsynkov) October 27, 2025
Мінчук вырашыў вярнуцца аўтобусам у Мінск, але на мяжы “ўпёрліся ў зачынены шлагбаум”.
“Вярнуўся ў Вільню, пераначаваў за кошт airBaltic у гатэлі. AirBaltic прапанавала новы маршрут да Кракава праз Талін і Франкфурт-на-Майне — вось я ўжо і ў Таліне… баражджу небасхілы Еўропы…”, — піша кінематаграфіст.
Больш эмацыйна на сітуацыю з закрыццём мяжы ў фэйсбуку адрэагаваў расійскі журналіст і вядоўца Дзмітры Губін.
“То-бок на мяжы сабраліся машыны, рэйсавыя аўтобусы, фуры і гэтак далей. У іх, між іншым, людзі. Некаторыя — з дзецьмі, многія — без ежы (і нават без вады), а некаторыя — хворыя і без лекаў. Як перакрыццё шашы і пакуты ні ў чым не вінаватых людзей уплываюць на палёт паветраных шароў і бяспеку Літвы і Еўропы — няхай хтосьці мне растлумачыць”, — задаецца пытаннем журналіст.
Расіянін узгадаў нядаўняе закрыццё беларуска-польскай мяжы, якое адбылося з нагоды вайсковых вучэнняў “Захад-2025”.
“І таксама там захрасла куча людзей. І адзін паляк вельмі пераканаўча мне тлумачыў, што гэта вельмі правільна — што мяжу з Беларуссю перакрылі. А цяпер ён сядзіць без ежы і з тэмпературай у Беларусі на мяжы без шанцу трапіць у Літву”, — працягвае разважаць Губін.
Медыяпрадзюсар з Германіі Андрэй Шашкоў разважае, што перакрыццё мяжы — адзіны адказ, які літоўскія палітыкі могуць супрацьпаставіць гібрыднай агрэсіі з беларускімі метэазондамі.
“Проста з шарамі нічога не могуць зрабіць, прынамсі пакуль. Таму б’юць туды, куды могуць дастаць”.
У выпадку з закрыццём мяжы Польшчай расіянін бачыць больш сэнсу, бо “перакрываўся грузавы транзіт”.
“Лука вельмі нядрэнна зарабляў на патоках тавараў з Кітая. Ды і тое Кітай адразу націснуў, і палякі адразу здаліся. З калінінградскім транзітам (зноў жа, у першую чаргу грузавым, але можна і з пасажырамі да кучы) таксама ёсць шанец даволі балюча ўдарыць па Пуціну, каб ён Луку абарваў. Але не факт. А на праблемы пасажыраў, якія больш не змогуць перамяшчацца паміж Вільняй і Мінскам, ім абодвум напляваць на сто адсоткаў”, — разважае Шашкоў.
Больш радыкальную думку выказаў Канстанцін Мартынюк з Чэхіі.
“Наш вусаты сусед, відаць, разумее толькі пазіцыю сілы. Польшчы трэба зноў далучыцца да флэшмобу, закрыць усю мяжу, уключаючы чыгуначную. І тады прыляціць магічны выспятак з Кітая і хутка паставіць таго, хто нашкодзіў, у кут”, — лічыць мужчына.