У Латвіі затрымалі літоўцаў, якія прыехалі забраць беларускую кантрабанду
Рустам Любаеў / LRT
У Латвіі затрымалі літоўцаў, якія прыехалі забраць кантрабанду, дастаўленую на метэазондах з Беларусі. Пра гэта расказаў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў.
Напярэдадні паведамлялася, што метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі былі зафіксаваныя не толькі ў Літве, але і ў Латвіі.
"Трэба сказаць, што, маючы досвед, мы задзейнічалі алгарытмы нашага супрацоўніцтва. Паводле нашых звестак, супрацоўнікі і паліцыянты памежнай службы Латвіі таксама затрымалі вялікую колькасць кантрабандысцкіх паветраных шароў, а таксама асоб, якія прыехалі іх забраць, якія, дарэчы, таксама з'яўляюцца грамадзянамі Літвы", — цытуе выданне LRT словы Любаева.
У адрозненне ад Літвы, дзе паветраныя шары кантрабандыстаў ствараюць пагрозу пасажырскім авіярэйсам, у Латвіі такой небяспекі няма, бо няма аэрапортаў каля мяжы з Беларуссю.
Запуск кантрабандысцкіх метэазондаў літоўскія палітыкі называюць гібрыднай атакай з боку рэжыму Лукашэнкі.