Колькасць беларусаў, якіх Латвія прызнала пагрозай нацбяспекі вырасла ўдвая

Латвія

Латвія / mixnews.lv

Колькасць беларусаў, якіх Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі (VDD) прызнала “пагрозай нацыянальнай бяспекі”, з пачатку поўнашматабнай вайны ва Украіне з кожным годам расла ўдвая, а то і ўтрая. Гэтым людзям адмаўлялі ва ўездзе ў Латвію.

У каментары Еўрарадыё VDD распавяла пра два спосабы выяўлення такіх асоб. Першы — падчас паглыбленай праверкі і апытання замежніка ў пунктах памежнага кантролю пры спробе ўезду ў краіну. Другі — калі загадзя выяўляецца негатыўная інфармацыя пра канкрэтнага замежніка.

Тады VDD рыхтуе ацэнку і рэкамендуе міністру ўнутраных спраў уключыць замежніка ў так званы чорны спіс або спіс тых замежнікаў, якім забаронены ўезд у Латвійскую Рэспубліку.

З моманту пачатку расійскага ўварвання ва Украіну VDD сумесна з памежнай аховай Латвіі адмовіла ва ўездзе ў краіну 448 грамадзянам Беларусі.

Колькасць беларусаў, якіх Латвія прызнала пагрозай нацбяспекі вырасла ўдвая

— Уезд у Латвію гэтым грамадзянам Беларусі, як і грамадзянам іншых краін, быў забаронены ў асноўным з-за адкрытай падтрымкі вайны Расіі ва Украіне і агрэсіўнай знешняй палітыкі, рызыкі для разведкі, а таксама за адмову ад супрацоўніцтва, прадастаўленне ілжывай інфармацыі і наўмыснае скажэнне інфармацыі падчас праверкі і паглыбленага інтэрв'ю, — каментуюць у VDD.

Акрамя таго, з моманту ўварвання Расіі ва Украіну, на падставе рэкамендацыі Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі міністр унутраных спраў уключыў 24 грамадзяніна Беларусі ў так званы чорны спіс.

Колькасць беларусаў, якіх Латвія прызнала пагрозай нацбяспекі вырасла ўдвая

— Большая частка гэтых грамадзян Беларусі была ўнесена ў чорны спіс з-за рызыкі для разведкі, устаноўленай VDD, у той час як іншыя асобы былі ўнесены ў чорны спіс з-за ўдзелу ў дзейнасці па інфармацыйным уплыве ў інтарэсах Расіі, сувязяў з расійскімі дзяржаўнымі органамі і ўдзелу ў арганізаванай злачыннасці, — каментуюць у VDD.

Еўрарадыё падало падобныя запыты ў службы дзяржаўнай бяспекі Літвы і Польшчы. Мы прывядзем іх дадзеныя таксама, як толькі атрымаем інфармацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.