Метэазонды з беларускай кантрабандай прыляцелі і ў Латвію
Метэазонд з кантрабандай, ілюстрацыйнае фота / VSAT
23 лістапада ў Латвіі выяўвілі метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі, якія прыляцелі праз мяжу. Пра гэта ў тэлеэфіры расказаў міністр унутраных спраў Рыхардс Казлоўскіс.
Ён падкрэсліў, што для Латвіі, у адрозненне ад Літвы, гэта не стварае сур'ёзных пагроз крытычнай інфраструктуры, бо каля мяжы няма аэрапорта. Аднак груз з нелегальнымі цыгарэтамі пры падзенні можа праз сваю вагу нанесці лакальныя пашкоджанні.
За ноч з нядзелі на панядзелак унутраныя службы Латвіі здолелі перахапіць сем аэрастатаў з кантрабандай, паведамляе delfi.lv. У кожнай такой партыі, паводле Казлоўскіса, у сярэднім налічваецца каля 60 000 нелегальных цыгарэт.
Міністр дадаў, што латвійскія службы ўнутраных спраў абменьваюцца досведам з калегамі з Літвы і Польшчы ў справе барацьбы супраць метэазондаў.