З Беларусі дэпартавалі студэнта са Шры-Ланкі
Суд над студэнтам-ланкійцам у Віцебску / УУС Віцебскага аблвыканкама
З Беларусі дэпартавалі студэнта са Шры-Ланкі, які вучыўся на чацвёртым курсе аднаго з віцебскіх універсітэтаў. Хлопца абвінавацілі ў махлярстве і пачалі на яго крымінальную справу. На паказальны суд над ім запрасілі замежных студэнтаў, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.
Інцыдэнт адбыўся ў ліпені 2025 года. Студэнт-першакурснік паскардзіўся абвінавачанаму на праблемы. У яго ўзнік канфлікт з аховай забаўляльнай установы, і ён вырашыў, што будзе мець непрыемнасці. Чацвёртакурснік паабяцаў малодшаму таварышу дапамагчы, але не задарма — за 300 рублёў. Першакурснік аддаў грошы, а потым высветліў, што праблем з законам у яго няма. Ён запатрабаваў вярнуць грошы, але старэйшы студэнт адмовіўся. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.
На ланкійца пачалі крымінальную справу. Але потым яе спынілі ў сувязі з прымяненнем мер адміністрацыйнай адказнасці. Замежніку прызначылі штраф — 1350 рублёў (30 базавых велічыняў). Суд вырашыў яго дэпартаваць і забараніў уезд у Беларусь на пяць гадоў.