Удзельніка антыкарупцыйнай камісіі "Мазырсолі" асудзілі за карупцыю

Уладзіслаў Трухановіч

Уладзіслаў Трухановіч / "Жыццё Палесся"

Топ-менеджара дзяржпрадпрыемства "Мазырсоль" асудзілі за карупцыю. Прысуд яму вынес Гомельскі абласны суд.

За хабарніцтва асудзілі начальніка аддзела прадпрыемства. Паведамляецца, што хабары ён атрымліваў цягам пяці гадоў — аж да красавіка 2025-га, калі яго і затрымалі. Як высветліла выданне "Флагшток", гаворка ідзе пра начальніка аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці і збыту Уладзіслава Трухановіча.

Ён, дарэчы, на працягу многіх гадоў уваходзіў у склад камісіі па супрацьдзеянні карупцыі ў ААТ "Мазырсоль", а цяпер сам асуджаны за яе.

У паведамленні суда гаворыцца, што менеджар з красавіка 2021 года да красавіка 2025-га атрымаў ад гендырэктаркі ТАА "БПК" у якасці хабару 1 090 000 расійскіх рублёў і 3 500 долараў ЗША. Грошы былі перададзеныя "за забеспячэнне заключэння з ТАА "БПК" дамоваў на пастаўку прадукцыі ААТ "Мазырсоль" і належнае выкананне дамоўных абавязанняў".

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра "Белорусскую продовольственную компанию" (Беларускую харчовую кампанію), якая з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком "Мазырсолі" на тэрыторыі Расіі.

Гендырэктарка "БПК" прызнала віну цалкам. А начальнік аддзела "Мазырсолі" прызнаў факт атрымання грошай, але аспрэчваў памер хабару і свае прычыны. Гендырэктарцы "БПК" прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі, менеджару "Мазырсолі" — сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абаім па амністыі зменшылі тэрміны пакарання на год. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.