Дырэктара Палаца Рэспублікі, затрыманага за хабар, выпусцілі на волю

Максім Прыхадоўскі

Максім Прыхадоўскі / АНТ

Дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі, якога затрымалі па падазрэнні ў хабары, прабыў пад следствам крыху больш за два месяцы. Спачатку яго перавялі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, а днямі і ўвогуле адпусцілі.

Прыхадоўскі — прыхільнік рэжыму Лукашэнкі, адзін з арганізатараў "Марафону адзінства", які ўлады запусцілі год таму перад чарговымі "выбарамі" Лукашэнкі. Мужчыну затрымалі ў жніўні 2025 года.

Аднак праз два месяцы ён з'явіўся на ранейшым месцы працы. У каментары "Нашай Ніве" адзін з супрацоўнікаў Палаца Рэспублікі расказаў падрабязнасці:

"Мы ведалі, што яго злавілі на месцы злачынства, у момант атрымання хабару, але не ў Палацы — сустрэча была дзесьці ў горадзе. Пасля гэтага яго кабінет апячаталі, усю тэхніку забралі. У нас пастаянна былі нейкія людзі, допыты, вобшукі — тут ужо было не да канцэртаў".

Паводле суразмоўцы "Нашай Нівы", сваё вызваленне Прыхадоўскі патлумачыў умяшаннем Наталлі Эйсмант — прэс-сакратаркі Лукашэнкі: "Прыхадоўскі, смеючыся, сказаў: "Наталля Мікалаеўна можа ўсё". Гэта я даслоўна перадаю. І гэтак жа смеючыся пайшоў збіраць свае рэчы. Яго сапраўды вызвалілі ад пасады дырэктара Палаца Рэспублікі і, паводле ягоных жа слоў, перавялі ў нейкі запаведнік — ці то ў Бярэзінскі, ці то ў Белавежскую пушчу".

Таксама Прыхадоўскі паведаміў сваім былым падначаленым, што з яго знялі ўсе абвінавачанні па крымінальнай справе, хаця ўсе астатнія "падзельнікі" засталіся за кратамі.

"І гэта я ўжо сам чуў, калі ён сыходзіў — Прыхадоўскі сказаў камусьці: "Манышаў няхай яшчэ пасядзіць — у яго такой сяброўкі няма". І зноў засмяяўся", — падзяліўся дэталямі супрацоўнік установы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.