Экс-міністр сельскай гападаркі сядзеў у камеры без прыбіральні — Лосік
Ігар Брыло / mshp.gov.by
Найгорш за кратамі кормяць у СІЗА КДБ. Пра гэта расказаў экс-палітвязень Ігар Лосік у сваім тэлеграм-канале.
"Порцыі там настолькі мізэрныя, што людзі, якія туды трапляюць упершыню, першыя дні знаходзяцца ў поўным шоку. Гэта літаральна 5-6 лыжак пустога супу і столькі ж лыжак пустой макароны. Раніцай столькі ж кашы. Але самая цудоўная там вячэра. 2 разы на тыдзень даюць міску малака. І ўсё. Адзін раз у тыдзень даюць кавалак бурака з кавалкам селядца 30 грам. І астатнія 4 разы на тыдзень па адной бульбіне ў лупіне і кавалку селядца", — апісаў ён рацыён СІЗА КДБ.
Паводле Лосіка, ён бачыў людзей, якія там худзелі на 40 кг за некалькі месяцаў. Калі нехта ў камеры не дае паказанні ці не прызнае віну, у камеры могуць адключыць разеткі, каб было немагчыма запарыць гарбату.
Лосік піша, што экс-міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло вельмі схуднеў падчас перабывання ў "амерыканцы".
"Прычым яму быў створаны адмысловы рэжым, у яго больш за год не было нават нары, ён спаў на падлозе на дошках, якія яму выдалі. У камеры без прыбіральні. І гэта нягледзячы на тое, што падчас следства яму выдалі тэлефон і ён "укінуў" па хабарах больш за 50 чалавек. Але назваў такія прозвішчы высокіх чыноўнікаў, якія мабыць нельга было называць, што за гэта і пацярпеў", — піша былы палітвязень.
Пра арышт Ігара Брыло стала вядома ў лістападзе 2023 года. Ён праходзіў па "справе малочнікаў", па якой былі затрыманыя 26 чалавек, а 15 — арыштаваныя. На момант арышту Брыло быў памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Віцебскай вобласці. Паведамлялася, што на судзе Брыло прызнаў, што атрымаў хабары на суму 2 мільёны долараў.