Былы памочнік Лукашэнкі прызнаў, што набраў хабараў на $2 млн

Ігар Брыло / mshp.gov.by
Былы міністр сельскай гаспадаркі і памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігар Брыло на судзе прызнаў, што набраў хабару на 2 мільёны долараў. Пра такія падрабязнасці гучнай "малочнай справы" піша "Наша Ніва".
Працэс пачаўся 17 верасня ў Мінскім гарадскім судзе. На лаве падсудных аказаліся 18 чалавек, хаця спярша, паводле звестак КДБ, было 26 падазраваных. Следства сцвярджае, што кіраўніцтва кампаніі "Бабуліна крынка" пры дапамозе чыноўнікаў знарок стваралі затаваранасць складоў, каб адгружаць тавар пасярэднікам па цэнах ніжэй за дзяржаўныя. Праз расійскія кампаніі тавар прадаваўся па рынкавых цэнах, а прыбытак дзялілі паміж сабой удзельнікі схемы.
Падсудным інкрымінуюць 12 крымінальных артыкулаў. "Наша Ніва" сцвярджае, што абвінавачванне грунтуецца пераважна на сведчаннях Ігара Брыло, а большасць іншых фігурантаў сваю віну адмаўляюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.