Першаму намесніку начальніка Белчыгункі прысудзілі 11 гадоў калоніі

Пётр Дулуб

Пётр Дулуб / БЧ

У Мінску абвясцілі прысуд былому першаму намесніку начальніка Беларускай чыгункі Пятру Дулубу, у якога пры ператрусе знайшлі амаль 3 мільёны долараў.

Топ менеджара вінавацілі ў атрыманні хабару ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый. Як заяўляла следства, Дулуб за хабар арганізаваў транзіт вугалю з Казахстана ў Польшчу праз тэрыторыю Беларусі, "пралабіраваўшы інтарэсы прыватнай кампаніі". Таксама ён неаднаразова атрымліваў хабар за перадачу камерцыйным структурам у карыстанне вагонаў, якія належаць Беларускай чыгунцы.

Паводле звестак Генпракуратуры за час сваёй дзейнасці першы намеснік начальніка Белчыгункі атрымаў ад прадстаўнікоў чатырох транспартна-экспедыцыйных кампаній больш за 600 тысяч долараў (у эквіваленце).

Суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў яму 11 гадоў пазбаўлення волі з максімальна магчымым штрафам — пяць тысяч базавых велічыняў (210 тысяч рублёў). Таксама Дулуба пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на 5 гадоў.

Адзін год пазбаўлення волі яму скасавалі ў адпаведнасці з сёлетняй амністыяй.

Канфіскаваныя ў Дулуба больш за 2,8 млн долараў і каля 300 тысяч еўра канфіскаваныя ў даход дзяржавы. Яго маёмасць пакінулі пад арыштам для "забеспячэння выканання прысуду ў частцы маёмасных спагнанняў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.