Беларусь у ХХІ стагоддзі: ад узаемадапамогі да супольнага плану дзеянняў

Плакат у падтрымку палітвязняў / t.me/racyja
"Навошта жанчыне на адныя суткі вандроўкі такая цяжкая валіза?" — мільганула ў мяне думка, калі я дапамагаў нядаўняй палітзняволенай Паліне Панасюк-Шарэндзе дабірацца ад вакзалу да яе гатэлю ў Познані, дзе завяршыўся ІІ Кангрэс па палітзняволеных. І раптам да мяне дайшло, што ў мяне ў руках рэчы для выставы пра ўмовы, у якіх беларускія рэпрэсаваныя жанчыны знаходзяцца ў няволі. Колькі ні кажы пра сітуацыю ў Беларусі, усяго адна валіза можа распавесці пра сітуацыю больш за тысячу словаў. А распавядаць трэба ўвесь час, і найперш праз рэальныя гісторыі.
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду “Беларусь 2020”.
"Мы выйшлі на вуліцы, мы трапілі за краты, мы выйшлі з турмаў — гэта ўсё было не дарма! Гэта мы вам хочам сказаць. Наш досвед каштоўны. І нашы сведчання бясцэнныя".
"Я думаў, у мяне спытаюць як у філосафа з якім багажом я вярнуўся да вольных людзей, а ў мяне пытаюцца як мне там спалася".
"Пра катаванні трэба казаць абавязкова, інакш забудуцца, і зробяць выгляд, што ўсё нармальна. Але нашы пакуты – гэта не ўсё. Мы пераадольвалі страх, каб выжыць для таго, каб дзейнічаць".
Гэта не наўпроставыя цытаты, а зборка паводле пачутага мною ад вызваленых з палону палітычна рэпрэсаваных беларусаў.
Я для сябе назваў ІІ Кангрэс па палітзняволеных гістарычнай падзеяй. Пакуль па адчуваннях. Гістарычнасць, бо масава выйшлі людзі, гатовыя сведчыць. Казаць, прамаўляць — вельмі голасна.
Галасы пакуль існуюць самі па сабе. У беларускай інфармацыйнай прасторы пануе той самы біблейскі хаос, з якога можа і мусіць утварыцца новы беларускі сусвет.
Медыі дапамагаюць грамадству, але медыі — люстэрка грамадскіх працэсаў.
Сёння як ніколі патрэбныя даследчыя цэнтры найноўшай гісторыі беларусаў. Збор — даследаванне — аналізаванне — папулярызацыя высноваў. Стварэнне вобразу беларусаў тут, цяпер, нядаўна з візіяй бліжэйшай будучыні.
З асабістага досведу ведаю, што часам польскія няўрадавыя арганізацыі гатовыя дапамагчы беларусам, але не ведаюць дакладна хто мы і што мы — як дапамагчы? Я бы дадаў: і для чаго дапамагаць — каб супрацоўнічаць.
Расія не спыніцца, і будзе ціснуць на краіны Захаду. Не абавязкова танкамі, хапае гібрыдных спосабаў. Беларусам у краінах Еўрасаюза варта выразна прамовіць, што яны гатовыя быць часткай грамадстваў краінаў прыбывання, а гэта значыць, што "перад навалай з Усходу стаць мурам каменным".
Дапамога нядаўна прыбылым у краіны ЕЗ палітычным рэпрэсаваным — гэта крок нумар адзін. Наступны — асэнсаванне сябе ў новай рэальнасці. Далейшы крок — план дзеянняў. Выпрацаваны ў адкрытай дыскусіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.