Беларусь ХХІ: Беларушчына як арыентыр у хаосе

Пашпарт Новай Беларусі

Пашпарт Новай Беларусі

Увосень 2021 году ў Адэсе мы з маім сябрам Змітром Бартосікам стаялі ў гістарычнай частцы горада, і Зміцер паказваў на дом, у якім у 1918-19 гадах было зарэгістравана 16 000 заявак на атрыманне пашпарту Беларускай Народнай Рэспублікі. Усё таму, што ў тым будынку пад кіраўніцтвам Сцяпана Некрашэвіча працавала консульства БНР. У чаргу па пашпарты ставалі беларусы-салдаты, якія вярталіся з Румынскага фронту па заканчэнні І Сусветнай вайны. Ці была марнай дзейнасць консульства?

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду "Беларусь 2020".

Бальшавікі пайшлі на стварэнне малюпасенькай па памерах ССРБ (БССР) у 1919 годзе не толькі таму, што напярэдадні 25 сакавіка 1918 году пару дзясяткаў спадароў у Мінску агаласілі паперу пра ўтварэнне незалежнай Беларусі – БНР.

Бальшавікі былі вымушаныя лічыцца, што ідэя пра сваю аўтаномію апаноўвала беларусаў, асабліва пабывалых на фронце, які з цёмных сялян рабіў больш грамадзянаў з досведам ведання і адстойвання сваіх правоў – у салдацкіх камітэтах.

Чаму Адэса? Бо мужчын з беларускіх губерняў адпраўлялі далей ад дому. Не давяралі тутэйшым зброю на сваёй зямлі. Здавалася б – калі беларусы былі такія нацыянальна несвядомыя – чаго баяцца?

І вось актывіст распрацоўкі Беларускай Ідэі Сцяпан Некрашэвіч літаральна раздае беларускія пашпарты – нікім не прызнанай дзяржавы. Што кіруе консулам БНР, на што ён спадзяецца?

Цяпер то мы ведаем, што "рамантыкі" БНР паспрыялі паўстанню БССР, а тая ў сваю чаргу незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але тады ў 1919-м годзе? Еўропа ў зацяжным хаосе. У Адэсе ўлада цягам 1918-19 гг. змянялася шэсць разоў. Пэўнасці няма ні ў чым. Бежанцы, бандыты, жабракі. Людзі мноства нацыянальнасцяў.

Беларусь ХХІ: Беларушчына як арыентыр у хаосе

Імперыялістычная вайна пераходзіць у вайну за незалежнасць Украіны, для бальшавікоў ідзе грамадзянская вайна з "белымі". А чалавек трымаецца сваёй Беларушчыны, сваёй Ідэі. І спрабуе пасярод хаосу арганізаваць сваю беларускую прастору.

У 2021 годзе мы з Бартосікам ужо былі палітычнымі бежанцамі. Пра Беларусь у Адэсе 8 з 10 сустрэтых хвалілі Лукашэнку, гэта ўжо пасля падзеяў 2020 года. Так што мы са сваёй Беларушчынай былі як на неабітальнай выспе.

Сёння папулізм па ўсёй Еўропе ўздымае галаву. Я толькі цяпер разумею, як, здавалася б, нармальныя людзі – пекары, лекары, настаўнікі, фермеры – людзі самых розных сацыяльных слаёў у 1914 годзе радасна рушылі на вайну. Цяпер я бачу, як у Еўропе, асабліва ў былым сацыялістычным лагеры, этнічныя нацыяналісты адчуваюць усё больш магчымасцяў паводзіць сябе як заўгодна – звычайна агрэсіўна.

Адсутнасць думкі, эмоцыі ад інстынктаў, боязь незразумелага, імпульсіўнасць паводзінаў – і як вынік пошук і стварэнне ворага. Вось у што ператвараецца этнічны нацыяналізм ва ўмовах глабальнай катастрофы.

А Беларуская Нацыянальная Ідэя, скарочана – Беларушчына, яна пра інтэлект і духоўны чын.

Вы не сустрэнеце ў беларускім кантэксце родапляменнае "мы гэтых паб’ем, бо яны тады даўно нашых пабілі", а ў адказ "вашых пабілі, бо вы перад тым нашым жыць не давалі". У такія разборкі сёння пагружаюцца паспалітыя людзі розных суседніх краін. Пакуль з большага ў сацсетках, хоць часам ксенафобія ўжо мае форму кулакоў.

А ўявіце, калі з тэрыторыі Беларусі расіяне прыцэльна ўдараць па адным з гарадоў краіны Еўрасаюзу. Абаронцы беларусаў-бежанцаў – ці будуць яны? Людзі інтэлекту і духу, ці пачуюць іх ў хаосе імпульсіўных паводзін напужаных людзей з адключаным мысленнем?

"Пашпарт новай Беларусі" – гэта пакуль сімвал. Як той самы пашпарт БНР з Адэсы. Сімвал Беларушчыны, знак прыналежнасці чалавека да кола носьбітаў Беларускай Нацыянальнай Ідэі.

Ідэі, якая можа трымаць беларуса псіхічна, і, адпаведна, – фізічна. Дае арыентыр на будучыню, якой бы яна ні сталася.

І дае шанец знайсці адзінадумцаў у магчымым татальным хаосе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.