Беларусь XXI стагоддзя: хто мы – большасць? Піша Севярын Квяткоўскі

"Змянілася пазіцыя грамадзянаў адносна дзяржавы" / Unsplash
11 жніўня 2020 загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Расстралялі яго дэманстратыўна, сэнс быў у тэроры, маўляў, здымайце на смартфоны і распавядайце сваім знаёмым, каб не высоўваліся на вуліцы. Але паколькі інтэрнэт фактычна ляжаў, то інфармацыя пра першага забітага пазней злілася з агульным жахам і абурэннем, калі інтэрнэт усё-ткі ажывілі. Людзі ўбачылі маштаб масавых злачынстваў, жахнуліся, абурыліся, і – сталіся не проста электаральнай большасцю, а большасцю згодна супольнага дзеяння.
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду "Belarus 2020".
Я сябе адношу да "алдоў" нацыянальна-дэмакратычнага руху. На першую акцыю пратэсту я выйшаў у свае пятнаццаць гадоў – на Дзяды’1988. Тады пратэст на пяць тысяч (плюс-мінус) чалавек быў супраць камуністаў ва ўладзе, чытай – супраць Масквы, і лагічным чынам за незалежнасць Беларусі. Апошняе ўспрымалася большасцю як фантастыка, а тыя, хто верыў у самастойную беларускую дзяржаву, – дзівакамі.
У 1990-м "дзівакоў" сабралася пару дзясяткаў тысяч, у 1991 – каля ста тысяч, а пасля Беларусь сталася незалежнай, а пратэсты пачаліся зноў – супраць дыктатуры і прарасейскага здрадніцтва. І зноў я быў у меншасці сярод "дзівакоў". Але ў жніўні 2020 я нарэшце стаўся часткай большасці. Мы – "алды" – назвалі суайчыннікаў, якія ўпершыню пратэставалі, "неафітамі".

Я сам калісьці быў неафітам, слова ўжываю нейтральна, у энцыклапедычным значэнні. Дык што ж новага адбылося ў грамадстве апроч абурэння беззаконнем і завоблачнай жорсткасцю?
Змянілася пазіцыя грамадзянаў адносна дзяржавы. Як гэта ні парадаксальна прагучала, але Лукашэнка сам паспрыяў, каб да дзяржаўнай сістэмы і яе органаў пачалі ставіцца не да як свяшчэннай крыніцы сілы, дасланай з Нябёсаў, а як да абслугі, як да сэрвіснага цэнтру. Прыгадайце толькі як чотка дзяржаўны механізм трымаўся Закону пра мовы, якім Ігар Случак караў беларусафобаў унутры краіны.
А тая частка насельніцтва, якая атрымала назву "ябацькі", засталася акурат у той рэальнасці, дзе дзяржаўная ўлада "сыходзіць ад Бога", і адпаведна кожны кіраўнік, напрыклад, Лукашэнка, – гэта намеснік Бога на зямлі. А людзі адпаведна – слугі ў доме Гаспадара.

Мы ж, тыя, хто выйшлі на беларускія вуліцы, альбо тыя, хто ў свой спосаб падтрымлівалі пратэст, да Беларусі, і дзяржавы, як абалонкі краіны, пачалі ставіцца як да свайго супольнага Дому. Да супольнага праекту. Нашага гарызантальна наладжанага.
Мы – большасць – тыя, каму не патрэбны гаспадар над сабою, бо мы самі сабе гаспадары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.