У Вільні каля амбасады РБ пашкодзілі мемарыял у памяць аб загінулых беларусах
Вулічная акцыя каля беларускай амбасады ў Вільні / LRT
Каля будынку амбасады Беларусі ў Вільні быў апаганены мемарыял, прысвечаны памяці беларусаў, загінулых ад 2020 года.
Здарэнне адбылося ў нядзелю ў перыяд з 14:00 да 18:50, паведамляе LRT са спасылкай на Дэпартамент паліцыі. Каля агароджы амбасады Беларусі невядомая асоба разбіла шкло ў чатырох фотапартрэтах загінулых беларусаў. Акрамя таго нявыяўлены зламыснік перакуліў фатаграфіі ды разбіў падсвечнікі са свечкамі.
Мемарыял з'явіўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, калі падчас пратэстаў былі забітыя Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў ды іншыя беларусы, якія негвалтоўна выступілі супраць улады. Мемарыял складаецца з фатаздымкаў усіх вядомых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі. Пасля пачатку вайны ва Украіне да яго дадалі фота беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, абараняючы Украіну ад расійскай агрэсіі.
Некалькі гадоў таму прарасійскі актывіст Лаўрынас Рагельскіс склаў фатаздымкі загінулых у смеццевы мяшок. За гэта ён трапіў пад суд.